“Дачцэ і сыну далі ўстаноўку: пакуль не прывязуць дыпломы, ніякай жаніцьбы…”
Не кожны, да каго звяртаюся, згаджаецца на інтэрв’ю, на шчырую і непрадузятую размову, на якую і нацэльвае газетная рубрыка “Бацькі і дзеці”. Разумею, той-сёй усё ж не хоча выносіць, як кажуць, смецце з хаты, не можа для газеты (публічная ж трыбуна!) расказаць пра тое, што ляжала “засакрэчаным” на сэрцы дзясяткі гадоў.
Не згаджалася спачатку на размову і Іна Віктараўна Пруднікава з Крывога Сяла. Гаспадар, Аляксандр Васільевіч, змогся пад напорам журналіста, а яна ўсё даводзіла: ”Ну, што пра нас пісаць? Вунь колькі сямей і прыстойных, і заслужаных?!”
Змаглася ўсё ж і гаспадыня. І дарэмна яна аднеквалася: размова атрымалася змястоўнай, шчырай і цікавай. І сама гаспадыня задавала тон у гаворцы. Няма нічога дзіўнага: мовавед, дырэктар школы са стажам, наогул чалавек больш гаваркі па натуры, чым гаспадар. Аляксандр Васільевіч — маўчун. Прынамсі, так можа падацца таму, хто мала яго ведае. Іна Віктараўна пражыла з ім трыццаць гадоў і прызналася: муж — цікавы субяседнік, чалавек творчы і спагадлівы, умее адстаяць сваю думку. Яго цяжка пераканаць. Калі што выспела ў яго, то назаўсёды. Так было, калі прыйшоў да ідэі здаровага харчавання, калі перачытаў горы літаратуры, перагартаў інтэрнэтаўскія нататнікі і дзённікі. Год ці трохі больш як зменшыў да мінімуму ежу жывёльнага паходжання, налягае больш на раслінную. Іна Віктараўна не ва ўсім салідарная з мужам, у яе свая тэорыя, яна перавагу аддае не адмаўленню ад чагосьці, а ўжыванню біядабавак. І кожны з іх перакананы ў тым, што на правільным шляху.
Праўда, дзеці ідэю бацькоў не прымаюць. Ні Дзіма, ветурач па адукацыі, ні старэйшая дачка Вольга, выкладчыца замежных моў. Зараз яна па доглядзе за дзіцём. Другім, а першы, Ягор, сёлета пайшоў у першы клас. Разважлівы хлопчык, дзед уцягнуў яго ў аздараўленчы бег, наогул хоча “зляпіць” унука па свайму вобразу і падабенству. Не песціць яго ласункамі, затое другі дзед Толя заўсёды дае ўнуку грошы на драбязу, на цукеркі. “У мяне і сёння чырвонец, што даў дзед Толя”, — прызнаецца малы.
Вольга па характары паходзіць на бацьку, у Дзмітрыя натура ад матулі, ад яе генетычных каранёў. Дзмітрый кантактны, з лёгкім і дасціпным гумарам.
— У мяне тата быў такім, — прызнаецца Іна Віктараўна. — Ён працаваў лесніком, егерам і без жарту не абыходзіўся. А мама больш пачуццёвая, яна ўсё жыццё аддала бібліятэцы ў Казьянах…
Вёска Крывое Сяло для сям’і Пруднікавых па сутнасці другая радзіма. Іна Віктараўна з Казьян, Аляксандр Васільевіч з Мішневіч. Вучыліся ў розных школах, а калі яна прыйшла ў дзявяты ў Мішневіцкую дзесяцігодку, ён ужо вучыўся ў сталічным інстытуце. Сустрэліся на вечары сустрэчы з выпускнікамі, калі абое мелі сталую працу: Іна — у вячэрняй школе ў Шуміліне, Саша — у калгасе імя Леніна інжынерам. Сустрэліся і адразу зразумелі — назаўсёды, бо праз тры месяцы згулялі вяселле. Хто прыспешваў?
— Я быў перакананы: хлопец павінен знайсці сям’ю да 25 гадоў, не пазней, — прызнаецца А. В. Пруднікаў.
Так што прыспешыў, відаць, ён. Маладыя знялі кватэру ў Светласельскім, у іх нарадзілася дачка, праз год — сын, яны думалі асесці ў Шуміліне, а тут падвярнулася Аляксандру новая праца: старшынёй Каўлякоўскага сельсавета. Не сам напрасіўся — настоялі ў райкаме партыі. Тады наогул дужа не пыталіся ў чалавека: хоча ён на новую пасаду ці не. Аляксандр Пруднікаў быў камуністам, і гэта абавязвала.
За новую службу ён узяўся з азартам, з уздымам: хацелася, каб Прыдзвінне, самы аддалены куток раёна, не адчувала сябе абдзеленым. І гэта не гучныя, не прыгожыя словы: такі ён па характары — калі ўзяўся за гуж, то цягне як мае быць. У сельсавеце быў свой трактар, на якім апрацоўвалі сялянскія надзелы, пазней Аляксандру Васільевічу як пераможцу ў абласным спаборніцтве ўручылі ключы ад новага МТЗ-82, неўзабаве з’явіўся зернеўборачны камбайн. Клопатаў старшыні намнога прыбыло, затое ён быў проста шчаслівы ад думкі, што справай дапамагае вясковаму чалавеку.
Першы год на работу і з работы дабіраўся на матацыкле, які падарыў яму ў свой час дзядзька. Пазней далі службовы “Запарожац”. Ездзіў за ім у Мінск А. В. Пруднікаў якраз у тыя дні, калі “грымнула” ў Чарнобылі. А тут перавялі на працу ў Крывасельскую школу і Іну. Старшыні сельсавета выдзелілі дом. Іна Віктараўна марыла пра той час, калі яны з мужам будуць мець асабняк, каб можна было разводзіць вяргіні. Чаму вяргіні? Яна і сама не ведае: проста палюбіліся ёй гэтыя кветкі, яна і зараз іх любіць разводзіць. Увогуле гаспадыня любіць, калі парадак на падворку і лад у сям’і. Гэтага вымагала заўсёды, нягледзячы на тое, што вольнага часу ў дырэктара школы ў абрэз. Ды і Аляксандр увесь быў у клопатах. Таму і прызнаецца яна сёння:
— Свае дзеці паднімаліся неяк непрыкметна…
Не, не раслі на лес гледзячы, хутчэй наадварот, заўсёды былі пад неаслабным кантролем мамы-дырэктара. Іна Віктараўна ўнушыла ім думку: вы — дзеці дырэктара школы, а значыць, не павінны ні дурэць, ні сваволіць. Дзеці не падвялі матулю, хаця ў Дзімы і прарывалася часам гарэзліва-хлапечае, калі ад мяча, запушчанага яго нагой, звінела аконнае шкло…
Школа і Вользе, і Дзіму дала многа. Дзяўчынка прыкіпела да гуманітарных дысцыплін, таму і выбрала факультэт з ухілам на нямецкую мову (дапамагла рыхтавацца настаўніца школы Н. М. Зялёнка), Дзмітрый любіў біялогію, гарнуўся да жывёл і птушак, таму ў сям’і выбар юнака вучыцца за ветурача падтрымалі.
— Мы дачцэ і сыну далі ўстаноўку: пакуль не прывязуць дыпломы, ніякай жа-ніцьбы, — гаворыць Іна Віктараўна. — І мой тата мне ў свой час казаў: спачатку трэба займець спецыяльнасць, а пасля ўжо думаць пра замужжа. У жыцці, можа, не заўсёды так атрымаецца, але нашы зрабілі іменна так…
Муж Вольгі закончыў ветакадэмію ў Віцебску. Пазнаёміліся на дыскатэцы ў Крывым Сяле, куды Аляксея Жыгунова і занесла. У той лёсавызначальны дзень ён прыехаў на сваім аўто (студэнтам прыгнаў машыну з Германіі). Ішоў дождж, святло ў клубе знікла, не было і дыскатэкі, але якраз тады яны і пазнаёміліся. “Мусіць, лёс такі”, — смяецца Вольга. Верыць яна ў лёс ці не, няважна, галоўнае, што яны з Аляксеем у шлюбе шчаслівыя. І яшчэ дэталь: вяселле згулялі на наступны ж дзень пасля Аляксеевага выпускнога ў ветакадэміі. І ў Дзмітрыя была прыкладна такая ж сітуацыя. Так што сямейная ўстаноўка была для Вольгі з Дзмітрыем не проста добрым пажаданнем…
Наваколле Крывога Сяла — мясціны санаторныя. Вольга са сваёй сям’ёй тут бывае часта, Дзіма — радзей. Ён з сям’ёй жыве ў Наваполацку, у яго ёсць магчымасць выязджаць у Дом адпачынку на возера Янова, на Полаччыне. Але калі гукне матуля, каб пакалоць дровы, бо ў мужа “запарка”, — ляціць. Такое ў дзяцей сямейнае выхаванне. Яшчэ калі былі з Вольгай вучнямі школы, не выпускалі з рук граблі: тады трымалі карову, і наогул гаспадарка ў Пруднікавых была дай Бог кожнаму ў вёсцы. Гадоў пяць як збылі карову, а парсюка трымаюць, завялі казу. Без гаспадаркі сумна, не прывыклі яны быць “чыстымі інтэлігентамі”. Асабліва гаспадарская жылка ў Аляксандра Васільевіча. Нядаўна ён перавёўся на работу ў Шуміліна, і Іне Віктараўне даводзіцца вучыцца прапальваць печку, самой рабіць практычна ўсё па гаспадарцы. Але пра гэтыя “перыпетыі” яна расказвае з уласцівым ёй гумарам…
Ёсць яшчэ адно захапленне ў А. В. Пруднікава. У яго з дзяцінства асаблівыя стасункі са спортам. Вучнем “рэзаліся” ў футбол і хакей (ён і сёння ахвочы паганяць футбольны мяч, хаця за плячыма 56 гадоў), бегалі на лыжах. Лыжам, бегу ён, мусіць, не здраджваў ніколі. А не так даўно загарэўся на бег марафонскі. Хоча асіліць. “Такая ідэя і ў 56 гадоў?!” — здзівіцца нехта. А ён усур’ёз настройвае сябе на марафонскую дыстанцыю з бегам не “трусцой и не стонать”, як спяваў Уладзімір Высоцкі, а па кітайскай сістэме. Можа, нават вясной і пабяжыць…
І апошняе, пра што нельга не сказаць, калі весці гаворку пра сям’ю Пруднікавых, — пра пачуццё адказнасці. Яе, адказнасць, тут узвялі у ранг сямейнага культу.
Як пачуццё, якое ніколі не “пастарэе”, якое цанілася ва ўсе вякі, якое цэніцца і будзе цаніцца ў стасунках паміж людзьмі.
Надрукавана ў №90 ад 22.11.2011 г.