Юбилей ветерана Великой Отечественной

Людзі і лёсы Общество

«Я пражыла шчаслівае жыццё»
Ёй сёння – 85, а яна жвавая і рухавая. Ёй – 85, а яна любіць жыццё і людзей самай шчырай любоўю. Ёй 85 – а яна не стамілася, не спынілася ў цікаўнасці і руплівасці. Сёння Кацярына Васільеўна Мацвеенка безапеляцыйна заяўляе: “Я пражыла шчаслівае жыццё. Я шчаслівая жанчына, маці, жонка. І калі б жыць нанова, нічога б мяняць не стала. Толькі б не было вайны”.
У вайну было страшна, кожны дзень, кожную хвіліну – страшна. Яна, тады яшчэ зусім дзяўчынка, хадзіла ў разведку, стаяла ў дазоры, кідала гранаты… На роўных з мужчынамі. І медаль “За адвагу” атрымала як сапраўдны салдат. Кацярына Васільеўна ўсё памятае, гадам не ўдалося сцерці з памяці падзеі і ўражанні. Але жыве яна сённяшнім жыццём. Надзвычай сучасная, жыва цікавіцца і раённымі навінамі, і вялікай палітыкай, і ўсім на свеце.
Жанчына заўжды гатова сустракаць гасцей. Ну, а ў дзень нараджэння, у юбілей — асабліва. А госці былі. Якраз 15 лістапада да слаўнай ветэранкі палічылі гонарам і абавязкам завітаць многія. Да сваёй падапечнай, як і заўжды, уважлівыя вучні Обальскай школы. І ў гэты дзень яны на чале з дырэктарам  А. М. Штокіным завіталі з цёплымі словамі і падарункамі. Аляксандр Мікалаевіч, віншуючы, заўважыў, што Кацярына Васільеўна – жывая легенда, менавіта яна рабіла гісторыю, стварала фундамент, які сёння з’яўляецца прадметам краязнаўчай работы. Старшыня раённага савета ветэранаў К. Ф. Палоўнікава, галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама Л. В. Шаўцова, яе былая вучаніца, сёння галоўны спецыяліст абласнога ўпраўлення рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні Н. А. Прымак – усе жадалі Кацярыне Васільеўне моцнага здароўя, радасці, добрага настрою кожны дзень. Дарэчы,  Надзея Аляксандраўна ўручыла імянінніцы пуцёўку ў санаторый “Сасновы бор”, выдзеленую за кошт сродкаў Саюзнай дзяржавы.
Кацярына Васільеўна ўражвае нейкай натуральнай інтэлігентнасцю, тактычнасцю, шчодрасцю душы. Да такіх паважаных гадоў ёй удалося захаваць востры, светлы розум. Яна мудрая, яна ўмее радавацца жыццю, і быць удзячнай лёсу за ўсё. За добрую, моцную сям’ю, за таленавітых сыноў, паважаных медыкаў, за разумных здаровых унукаў і праўнукаў.
Сёння жанчына жыве адна: мужа пахавала, дзеці раз’ехаліся. Але ні дня не бывае без тэлефанаванняў, ні тыдня – без наведванняў. Сыны-медыкі пільна сочаць за здароўем маці, а яна яшчэ мае сілы і жаданне на казу, на курэй, на пастаянных гасцей, на актыўнае і цікавае жыццё.
І гэта вельмі каштоўна, узаеміны з такім чалавекам маладому дапамогуць вызначыцца з жыццёвымі прыярытэтамі, сталаму – навучыцца любіць жыццё, усім нам стаць хаця б крыху мудрэй і лагодней.
Здароўя вам, Кацярына Васільеўна, няхай і далей жывецца лёгка!
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №90 ад 22.11.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *