«Вясёлка» вярнулася з перамогай і аранжавым настроем

Культура Новости Образование

«Вясёлка»  вярнулася  з  перамогай!
У Магілёве адбыўся IV нацыянальны конкурс мастацтваў «Аранжавы настрой», які аб’яднаў больш за 500 канкурсантаў з розных куткоў нашай краіны.

Танцавальны калектыў «Вясёлка» з кіраўніком Святланай Раманавай пасля конкурсных выступленняў.

Шуміліншчыну на гэтым конкурсе прадстаўляў танцавальны калектыў «Вясёлка» пад кіраўніцтвам Святланы Раманавай з раённага цэнтра дзяцей і моладзі. Праграма выступленняў была насычанай, канкурсанты прадстаўлялі нумары розных стыляў і накірункаў – эстрадныя, народныя, класічныя, спартыўныя танцы.
Скарбонка дасягненняў «Вясёлкі» папоўнілася трыма дыпломамі. У намінацыі «Эстрадны танец. 7-9 год» танцоры прывезлі адразу дзве ўзнагароды: дыплом 1 ступені за танец «Дзесьці на Дзікім Захадзе» і дыплом 2 ступені за танец «Нязнайкі». Дыплом 1 ступені ў намінацыі «Народна-сцэнічны танец. 10-13 год» быў уручаны за танец «Крутуха».
– Бацькі па праву могуць раздзяліць гэту перамогу з намі.  Дзякуй за тое, што дапамагаеце развіваць творчыя імкненні сваіх дзяцей! – зазначыла Святлана Юр’еўна.
Мы далучаемся да віншаванняў і жадаем далейшых поспехаў гэтай вялікай танцавальнай сям’і!
Вольга КОЦІКАВА, няштатны карэспандэнт.
Надрукавана ў №82 ад 18.10.2019 г.