Шумілінскія спартсмены – на вышыні
Біятлон
У Новалукомлі прайшло адкрытае першынство горада па летнім біятлоне.
У мас-старце з двума агнявымі рубяжамі добра заявілі пра сябе юныя шумілінскія біятланісты, якіх трэніруе Генадзь Салапаеў. Першымі прыйшлі да фінішу Анастасія Цітова і Аляксей Масько, другія месцы ў Юліі Вярышцы, Эвеліны Зяньковай і Ангеліны Івановай.
Грэка-рымская барацьба
Мацнейшыя барцы-класікі бралі ўдзел у міжнародным турніры на прызы Ігара Каныгіна, які прайшоў у Віцебску.
Браты Грачухіны з Обалі трапілі на п’едэстал: Вадзім стаў другім у вагавой катэгорыі 82 кг, Уладзіслаў – трэцім у вагавой катэгорыі 97 кг. Трэніруе барцоў Пётр Ганушчанка.
Вавінам в’ет во дао
Больш за 150 удзельнікаў (12 каманд з усёй Беларусі) сабраў розыгрыш адкрытага кубка Віцебскай вобласці па вавінам в’ет во дао.
У камандным заліку перамаглі спартсмены з Шумілінскага раённага цэнтра дзяцей і моладзі (аб’яднанне па інтарэсах «Асновы ўсходніх адзінаборстваў: вавінам в’ет во дао», трэнер Святлана Бараноўская).
Першыя месцы камандзе ў паядынках прынеслі Дзяніс Глушакоў, Лізавета Шаракова, Багдан Ушал, Іван Бяржанін, Станіслаў Шпулёў, у тэхніцы – Захар Сімановіч, Ульяна Багдановіч, Павел Талпегін, Антон Арлоў і Максім Жыгуноў.
Аляксандр ШЭДЬКО.
Надрукавана ў №82 ад 18.10.2019 г.