Ганна Дарожкіна ўдастоена звання «Лаўрэат абласной прэміі імя Героя Савецкага Саюза Зінаіды Тусналобавай-Марчанкі»

Актуалии Новости Общество Семья

Заваяваць  давер можна  толькі  дабрынёй
Быць маці – адказная місія жанчыны. Гэта і бяссонныя ночы, і штодзённы клопат. Маці прыходзіцца быць і настаўнікам, і выхавальнікам, і сябрам, і дарадцам. Менавіта маці лечыць збітыя каленкі, суцяшае, дае парады.
Напэўна, гэта ўсё рабіць лягчэй у адносінах тых дзяцей, якіх ты нарадзіла. А калі маці прыёмная, то патрэбна ў некалькі разоў больш цеплыні, разумення, цярпення, шчырасці, упэўнена Ганна Сямёнаўна Дарожкіна з Язвіна, лаўрэат абласной прэміі імя Героя Савецкага Саюза Зінаіды Тусналобавай-Марчанкі.


Ганна Дарожкіна з прыёмнымі дзецьмі.

Ганна Дарожкіна добра ўсведамляла, што будзе нялёгка, калі пяць гадоў таму вырашыла ўзяць да прыёмную дзяўчынку. У самой жа двое дарослых сыноў, таму хацелася менавіта дачушку. Доўга выношвала гэту ідэю, з’ездзіла ў аддзел па адукацыі райвыканкама, дзе спецыялісты расказалі, што ў Обальскім прытулку ёсць брат з сястрой, якія чакаюць сям’ю. Прыехаўшы дадому, Ганна Сямёнаўна расказала пра свае планы мужу. Аляксандр Мікалаевіч ніколькі не здзівіўся, ведаў жа, што жонка любіць дзяцей – працавала выхавальнікам у мясцовым дзіцячым садзе. І, як сапраўдны мужчына, даў права выбару: “Думай сама, асноўная ж работа ляжа на твае плечы”.
Так у сям’і Дарожкіных з’явіліся Наталля і Аляксей Аверчанкі. Зараз Наталлі 18 гадоў, яна вельмі любіць гатаваць – не выпадкова ж пайшла вучыцца ў Віцебск на повара. Пасля дзевяці класаў паступіў у Ульскі ліцэй і Аляксей, дзе вучыцца на зваршчыка і механізатара. Аляксей – сапраўдны гаспадар сям’і і правая рука Аляксандра Мікалаевіча. Ён і аўтамабіль дапаможа рамантаваць, і дровы складзе, і ў магазін сходзіць.
Праз год сям’я Дарожкіных папоўнілася Аляксеем і Вікторыей Ліпчанкамі – роднымі братам і сястрой.  Аляксей ужо дарослы, працуе на Віцебскім тэлезаводзе, жыве ў выдзеленым пакоі ў інтэрнаце. А вось Віка ходзіць у шосты клас, вельмі любіць жывёлу, таму пад яе апекай хатнія гадаванцы – сабака і каты.
Вясной у Дарожкіных з’явілася яшчэ адна прыёмная дачка – 14-гадовая Вікторыя Раманава. “Калі мне ў аддзеле па адукацыі прапанавалі ўзяць да сябе гэту дзяўчынку, раздумвала нядоўга, – кажа Ганна Дарожкіна. – Калі прыязджаю ў прытулак, то мне шкада ўсіх дзяцей, усіх хочацца прытуліць, акружыць клопатам і забраць да сябе. А Вікторыя такая ласкавая, абдыме, абцалуе – яе проста нельга было не забраць”.
Калі зайшла размова пра фотаздымак для газеты, Ганна Сямёнаўна папрасіла прыехаць да яе ў выхадны дзень, каб усе дзеці былі на фота і нікому не было крыўдна. Толькі ў Аляксея Ліпчанкі не атрымалася прыехаць, астатнія дзеці чакалі, рыхтаваліся, прыбіраліся.
Пасля фатаграфавання мы запыталіся ў Ганны Сямёнаўны, якімі рысамі павінна валодаць прыёмная маці. “Перш-наперш – гэта дабрыня, – кажа жанчына. – Некаторыя дзеці з прытулка прыходзяць “калючыя”, няўпэўненыя ў сабе. А растапіць лёд, наблізіць іх да сябе, заваяваць іх давер і павагу можна толькі дабрынёй і шчырасцю. Я рада, што мае дзеці дружныя, што на іх тварах свецяцца ўсмешкі. Больш таго, я ўдзячна свайму мужу за дапамогу, дарослым сынам, якія прыязджаюць да нас з падарункамі і прысмакамі, – за разуменне”.
Ну, а пра Ганну Сямёнаўну расказалі самі дзеці.
– Цёця Аня вельмі добрая, цярплівая, яна ўмее выслухаць, з ёй лёгка гаварыць, расказваць пра свае радасці і праблемы, – кажа Наталля Аверчанка.
– Наша прыёмная маці шчырая і разумеючая, ёй часам і нялёгка з намі, таму стараюся дапамагчы. Практычна кожныя выхадныя прыязджаю з Улы ў Язвіна і заўсёды пытаюся ў цёці Ані, што трэба зрабіць па дому. У прыёмных бацькоў многаму карыснаму навучыўся, і гэты вопыт спатрэбіцца ў далейшым жыцці, – дадае Аляксей, брат Наталлі.
– Цёця Аня ўсіх нас любіць, дапамагае. Разам з ёй мы робім карціны з пластыліну, рыхтуем салаты, смажым бліны. Калі ў мяне нейкая радасная навіна, хутчэй спяшаюся дадому, каб расказаць яе прыёмным бацькам,  – кажа Вікторыя Ліпчанка.
– Цёця Аня вельмі клапатлівая, яна добры псіхолаг, разумее нашы праблемы. Мы ўсе вельмі рады, што трапілі ў такую дружную і добрую сям’ю,  – упэўнена сцвярджае Вікторыя Раманава.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №81 ад 15.10.2019 г.