Злодзей пройдзе – сцены пакіне, агонь пройдзе – нічога не пакіне
У вёсцы Андрэева згарэў дом. У спецкасцюмах выратавальнікі кінуліся шукаць у агні гаспадара, бо сведкі сцвярджалі, што мужчына быў дома. Але той праз некалькі хвілін падышоў да палаючага дома сам. Нецвярозы, ён не адразу і зразумеў, што пазбавіўся жытла…
“Папярэдняя прычына пажару ў Андрэеве – неасцярожнае абыходжанне з агнём”, – расказаў намеснік начальніка па дзяржаўнаму пажарнаму нагляду райаддзела па надзвычайных сітуацыях В. Б. Чайкін і запрасіў наведаць іншых жыхароў вёскі, паглядзець на іхнія печкі і праводку дамоў.
У Андрэеве праверылі дзесяць дамоў, у палове з іх былі сур’ёзныя парушэнні па пячному ацяпленню, па эксплуатацыі электраправодкі. На пяць гаспадароў складзены адміністрацыйныя пратаколы. Вяскоўцы атрымаюць штраф да 30 базавых велічынь.
Заходзім у знешне дагледжаны дом. У хаце цёпла, паліцца грубка. Але грубка ўвогуле без дзверцаў. А на ёй яшчэ і дровы сушацца!
“Вы ж бачылі, як згарэў дом у суседа, – пазнаюць мужчыну інспектары дзяржаўнага пажарнага нагляду Аляксей Фядосенка і Аляксей Лявонаў. – Уздыхалі, спачувалі, а самі ж што робіце? Думаеце, з такой печкай можна ў зіму пускацца?”
Мужчына спрабаваў апраўдацца, спасылаўся на недахоп грошай…
У суседнім доме ў электралічыльніку замест заводскіх засцерагальнікаў стаялі “жучкі”. Мужчына прыкінуўся, што не ведае, хто і калі іх туды ставіў…
Небяспечна было і ў гаспадара, які паліў печку з вялікімі трэшчынамі…
“А да нас тыдні два таму ўжо заходзілі пазаштатныя пажарныя інспектары, – прызналася гаспадыня наступнага дома. – А цяпер, напэўна, вас прыслалі. Ну, прабачце, не змаглі мы замяніць электраправодку. Самі ведаем, што яна небяспечная і адслужыла сваё. Абяцаем пасля пенсіі заняцца рамонтам”.
Пажарныя інспектары не вераць у такія абяцанні. Бо колькі ўжо разоў пасля такіх запэўніванняў, гучаў трывожны званок: “Гарым! Дапамажыце!” – і пажарныя машыны ўключалі сірэну.
Людміла ЗУЙКОВА.
Надрукавана ў №90 ад 22.11.2011 г.