Шуміліна запрасіла на восеньскі кірмаш

Актуалии Новости Общество Экономика

Правіў  баль  на  плошчы восеньскі  кірмаш
У мінулую суботу шумілінцы і жыхары раёна спяшаліся на кірмаш, каб папоўніць дамашнія запасы гароднінай, садавінай, іншымі прадуктамі ці купіць карысныя для побыту рэчы ў мясцовых і віцебскіх гандляроў.

Вопытныя шумілінцы ведаюць: калі хочаш, каб у цябе быў  выбар тавараў, уставай раненька і адпраўляйся на кірмаш. На пачатку восьмай гадзіны раніцы, калі гандляры з КУСГП “Ульскі” толькі прыехалі, машыну апанавалі пакупнікі.
Дзве тоны зерня (па 15 рублёў за мяшок) разабралі за гадзіну. Хто прыйшоў пазней, накіроўваліся да машын з “Прыдзвінскага”, “Сіроцінскага”, “Шумілінскага райаграсэрвісу”. Увогуле зерне на кірмашы было фаварытам: яго везлі ў багажніках, на мотаблоках, тачках, веласіпедах. А вось бульбу куплялі слаба – ці набылі ўжо, ці самі вырасцілі.
Актыўна бралі саджанцы кустоў, пладовых дрэў, якія прывезлі з Лужасна, Лепеля і Самахвалавіч. Добра бралі капусту па 50-60 капеек за кілаграм – яе прывезлі з Обалі, Шуміліна і Столінскага раёна. У філіяле “Вяснаэнерга” невялікія качаны аддавалі па 28 кап. за кілаграм, тут жа былі і  памідоры па рублю, таму да машыны выстраілася чарга.
Прыватныя гандляры прадавалі моркву, цыбулю, буракі, часнок, мёд. Былі і яблыкі, але малавата – сёлета на іх неўраджай. Таму ў шумілінскага гаспадара “штрыфель” па паўтара рубля разабралі ўмомант. Бойкі гандаль быў у жыхара Добрына, які прывёз на кірмаш салёнае сала.
Асобна хочацца адзначаць падворак устаноў аддзела адукацыі, упрыгожаны кляновымі лістамі. Тут было багата гародніны і печыва. На падворку сустракалі казачныя героі (артыстамі былі работнікі дзіцячага сада №1).
Лясгас прапаноўваў саджанцы дэкаратыўных дрэў, мёд, дошкі, шчыты агароджы, мётлы. Самым хадавым таварам былі дровы: два прычэпы па 175 рублёў (па 5 м. куб) купілі адразу. Не затрымаліся яны і ў работнікаў камунгасу. З машыны УП ЖКГ куплялі вагонку, чаранкі, венікі.
На кірмашы можна было цікава бавіць час, паглядзець выступленне артыстаў раённага цэнтра культуры, палюбавацца выставамі Дома рамёстваў, Цэнтра дзяцей і моладзі, Обальскага керамічнага завода.
Дыпломамі і падарункамі на кірмашы былі адзначаны лепшыя гандляры: ААТ “Прыдзвінскі”, гадавальнік з Самахвалавіч, аддзел па адукацыі райвыканкама, УП ЖКГ, Светласельскі сельвыканкам, ІП Васіль Мацуганаў.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №79 ад 08.10.2019 г.