Они приехали работать в сельское хозяйство Шумилинского района

Актуалии Молодёжь Экономика

Спрабуюць мацаваць сельскую гаспадарку
Кадравы голад у апошнія гады востра адчувае сельская гаспадарка раёна. У нейкай ступені паправіць сітуацыю прызваны маладыя спецыялісты, якія прыехалі пасля заканчэння каледжаў, універсітэтаў і акадэмій.

Вольга Знак і Андрэй Жандараў.

Самую моцную кадравую падтрымку – 6 маладых спецыялістаў – атрымаў “Прыазёрны мір”. Цяпер тут цалкам умацавана юрыдычна-бухгалтарская служба: юрыст Ганна Зайцава і чатыры бухгалтары – Паліна Адзінец, Крысціна Бушунава, Юлія Зямніцкая і Наталля Паўлоўская (галоўны бухгалтар). Наталля Хахлова пачала работу ў якасці галоўнага ветурача.
Чатыры спецыялісты папоўнілі кадравы рэестр “Ульскага”: Алена Папкова (намеснік галоўнага бухгалтара), Крысціна Федарэнка (эканаміст), Марыя Касянок (бухгалтар) і Сцяпан Бандарэнка (тэхнік-механік).
У “Мішневічах” на першым працоўным месцы асвойваюцца галоўны бухгалтар Віталіна Баранюк і тэхнік-механік Яўген Прасолаў.
Такія ж кадры займеў і “Сіроцінскі”: прыступілі да работы бухгалтар Кацярына Селезень і тэхнік-механік Уладзіслаў Шэдзько.
А вось некаторым гаспадаркам дасталася сёлета толькі па аднаму маладому спецыялісту. Так,  Дзмітрый Трошын і Дзмітрый Усаў прыйшлі працаваць тэхнікамі-механікамі ў “АграБаравінку” і “Раднік”. Інжынерам па эксплуатацыі машынна-трактарнага парка працуе ва УП “Шумілінскі райаграсервіс” Дзмітрый Радзівонаў. У ААТ “Ляжні” пасаду ветурача заняла Вераніка Сінякова.
У СУП “Лаўжанскае”, куды мы паехалі знаёміцца з новым кадравым папаўненнем, прыбылі сёлета 4 спецыялісты. Эдуард Котаў прыступіў да абавязкаў агранома, а яшчэ трое былі накіраваны на жывёлагадоўчы комплекс. Праўда, на комплексе мы заспелі толькі двух: ветурача Вольгу Знак і тэхніка-механіка Андрэя Жандарава.
Вольга нас вельмі здзівіла. Аказваецца, яна з Мінска, а любоў да жывёлы прывяла сталічную дзяўчыну спачатку ў Віцебскую ветэрынарную акадэмію, а потым – у Мікіціху. На гэтым шляху яна паспела выйсці замуж, і яе муж Ягор Рошчынскі заняў у гаспадарцы пасаду галоўнага ветурача.
Вольга Знак расказала, што ім з Ягорам гаспадарка прадставіла двухпакаёвую кватэру, дзе яны і размясціліся са сваімі двума сабакамі (хаскі і ўзятым з сабачага прытулку дварняком). Першую зарплату яны яшчэ не атрымалі, толькі “пад’ёмныя”, але, мяркуючы па зарплаце калег, “палучка” на комплексе будзе адрознівацца не ў лепшы бок у параўнанні з абяцанай пры размеркаванні тысячай рублёў, зрабіла выснову Вольга.
Наконт культурнага адпачынку і Вольга, і добрынскі хлопец Андрэй Жандараў толькі рукамі развялі: “куды тут хадзіць?”.
Андрэй, дарэчы, жыве ў Добрыне, у бацькоў, яму ў адрозненне ад маладой пары ветурачоў трэба будзе адпрацоўваць не два, а тры гады, бо ў Гарадоцкім каледжы ён вучыўся па мэтавым накіраванні.
На вуліцы ўсталявалася восень, наляцеўшы халодны касы дождж не дадаў сонечнасці настрою маладых спецыялістаў, якім пасля шумных студэнцкіх аўдыторый няпроста прывыкаць да самастойных будняў. Але ж іх старэйшыя калегі ўсміхаюцца, успамінаючы, як самі праходзілі праз гэта, і сцвярджаюць, што неўзабаве абавязкова будзе вясна, і прыйдзе ўсведамленне ўнікальнасці сваёй прафесіі і таго факта, што і ў вёсцы, аказваецца, можна жыць.
Аліна ПЯТРОВА.
Фота Аляксандра ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №79 ад 08.10.2019 г.