“Каманда маладосці нашай”
Шумілінская раённая арганізацыя Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі сумесна з аддзелам па адукацыі райвыканкама напярэдадні Дня настаўніка правялі свята “Каманда маладосці нашай” для ветэранаў адукацыі.
Больш за пяцьдзясят былых педагогаў, выхавальнікаў дашкольных устаноў сабраліся ў актавай зале СШ № 1, каб сустрэцца адзін з адным, згадаць маладыя гады. Сабралася цэлая каманда аднадумцаў, чые імёны запісаны ў гісторыю адукацыі не толькі раёна, але і краіны.
Настаўнік, педагог, выхавальнік – гэта не толькі прафесія, але і прызванне. З гэтым пагадзіліся былыя дырэктары, намеснікі дырэктараў, настаўнікі-прадметнікі, выхавальнікі, метадысты, бухгалтары, тэхнолагі, якія працавалі ў сістэме адукацыі.
Начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Валянціна Мянькова падзякавала былым работнікам устаноў адукацыі за адданасць прафесіі, цярпенне і мудрасць, адзначыла, што і сёння ў ветэранаў бачны агеньчык у вачах, яны з’яўляюцца добрымі настаўнікамі падрастаючага пакалення.
Старшыня раённай арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі Галіна Раманенка пажадала ветэранам жыццёвых сіл і здароўя, уручыла падарункі юбілярам-педагогам Іне Ліўшыц, Таццяне Мароз, Людміле Рашэтнікавай, Таццяне Рафальскай.
Ветэраны згадвалі паўрочныя планы, камсамольскія акцыі, піянерскія зборы, партыйныя з’езды і канферэнцыі. Многія расказалі пра свае першыя крокі ў прафесію, пра кур’ёзныя выпадкі. Цікава прайшлі музычная эстафета, конкурсы. У перапынках паміж конкурсамі з песнямі і танцамі выступалі самадзейныя артысты і з устаноў адукацыі раёна.
Усе ўдзельнікі маглі пагутарыць за кубкам гарбаты, расказаць пра сябе, абмяняцца тэлефонамі, каб надалей сустракацца і сябраваць. Ветэраны пакінулі пісьмовыя водгукі пра свята, дзе напісалі шмат ухвальных слоў арганізатарам і пажадалі часцей збірацца разам.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў №79 ад 08.10.2019 г.