“Не магу без раёнкі”
Яе лёс не быў літасцівы, жыццё яе не песціла. Але яна заўсёды мела моцную сілу волі, вялікую прагу да жыцця, настойлівы характар. Гаворка пра Марыю Аляксееўну Кавалёву, якая і сёння застаецца чалавекам дапытлівым, цікаўным, ідзе ў нагу з часам і мае зносіны з сябрамі праз сацыяльныя сеткі. А яшчэ з’яўляецца пастаянным падпісчыкам “Герой працы” і кажа: “Не магу без раёнкі – гэта для мяне святое”.
“За восем дзён да пачатку Вялікай Айчыннай вайны з братам і матуляй я прыехала з Ленінграда ў Дубровенскі раён, да бабулі, дзе і пражылі ўсю вайну, – пачала аповед пра сваё жыццё Марыя Кавалёва. – Многія са сваякоў былі на франтах і ў партызанскіх атрадах. Як сям’ю падпольшчыкаў, нас у 1943 годзе разам з маці і бабуляй забралі ў канцэнтрацыйны лагер у Дуброўна, затым – у Аршанскую турму. Мне было пяць гадоў, як нас везлі на расстрэл. Але паліцай, каму даручылі гэту справу, паглядзеў на нас і пашкадаваў: “Каго тут страляць? Дзеці ды жанчыны”. Нашу сям’ю, якая прабіралася да сябе на радзіму, спасцігла гора: ад фашысцкай кулі загінула мая маці. Так мы з братам Генадзем апынуліся ў дзіцячым доме ў Талачынскім раёне. Я закончыла Аршанскае педвучылішча і была накіравана працаваць у Лескавіцкі дзіцячы дом”.
Юную актывістку паклікалі працаваць загадчыцай школьнага аддзела райкама камсамола: Марыя Аляксееўна і сёння пом-ніць, як прыходзілася за дзень хадзіць па трыццаць кіламетраў, калі стваралі раённую камсамольскую арганізацыю, праводзілі сходы на ўсіх прадпрыемствах. Некаторы час рупілася піянерважатай у шумілінскіх школах. Увогуле піянерска-камсамольскай рабоце на Шуміліншчыне прысвяціла 15 год свайго жыцця.
Затым была работа інструктарам райкама партыі, загадчыкам аддзела культуры, старшынёй Шумі-лінскага гарпасялковага Савета. А ў 1976 годзе Марыю Кавалёву накіравалі працаваць рэдактарам раённага радыёвяшчання. “Гэта быў самы яркі і плённы перыяд майго жыцця, – кажа Марыя Аляксееўна. – Менавіта ў рэдакцыі я зразумела, што значыць любіць сваю работу. Выходзіла ў эфір два разы на тыдзень, а яшчэ ўдзельнічала ў розных рэйдах, акцыях, рыхтавала матэрыялы для раённай газеты. Сёння з цеплынёй згадваю маіх калег: былога рэдактара Анатоля Бруцкага, карэспандэнтаў Лідзію Паскіну і Таццяну Касуху, фотакора Віктара Палісадзіна і іншых”.
У 1982 годзе Марыя Кавалёва па сямейных абставінах пераехала на Чукотку. Тут, у пасёлку Бі-лібіна, працавала настаўніцай пачатковых класаў. Калектыў рэдакцыі шкадаваў, што Марыя Аляксееўна памяняла прафесію. Яе былыя калегі слалі ёй цёплыя лісты ў прозе і паэзіі, многія з якіх жанчына захоўвае і зараз.
Марыя Аляксееўна адпрацавала на Чукотцы 12 гадоў, атрымала там званне “Выдатнік народнай асветы Расіі” і зноў вярнулася ў Шуміліна, якое стала для яе родным. Тут нядаўна адзначыла 80-гадовы юбілей, павіншаваць з якім да яе завіталі прадстаўнікі раённай ветэранскай арганізацыі на чале са старшынёй Таццянай Цэрах. “А я вас віншую як сваю настаўніцу, якая часта ў СШ № 2 у нас замяняла ўрокі, – згадала Таццяна Карніловіч. – Помню вас маладой, актыўнай і прыгожай. Вы зусім не змяніліся і зараз. Дзякуй вам за ўрокі дабрыні і шчырасці”. У юбілей Марыя Кавалёва шмат атрымала цёплых віншаванняў ад дваіх сыноў, пяцярых унукаў, траіх праўнукаў, сяброў і былых калег. Работнікі раённай газеты далучаюцца да гэтых віншаванняў і зычаць Марыі Аляксееўне добрага здароўя і даўгалецця.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №79 ад 08.10.2019 г.