Марыя Скорынава адкрыла новы сезон
Новы музычны сезон Марыя Скорынава пачала з выступлення ў Віцебскай абласной філармоніі – ні больш ні менш. Тут 1 кастрычніка адбылося адкрыццё 31 канцэртнага сезона, і вучаніцу Шумілінскай дзіцячай школы мастацтваў запрасілі на канцэрт у якасці ганаровага выканаўцы.
У свае 11 год вучаніца Таццяны Васільеўны Гутаравай ужо неаднарозова атрымлівала званне лаўрэата міжнародных конкурсаў, таму і заслужыла такую пашану.
У абласной філармоніі Марыя выканала канцэрт Ёзефа Гайдна для фартэпіяна з аркестрам. Тонкая трапяткая музыка прывяла гледачоў у захапленне. На біс юная піяністка сыграла выдатны джазавы твор Мікалая Капусціна “Такаціна”. Два розныя стылі выканання, і Марыя бліскуча, па-майстэрскі выканала абодва творы.
Дырыжор аркестра высока ацаніў талент шумілінскай пія-ністкі, шмат добрых слоў у яе адрас сказалі і вядучыя канцэрта. Не дзіва, што падчас усяго першага аддзялення канцэрта ўвага публікі была прыкавана да Марыі Скорынавай.
Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў №79 ад 08.10.2019 г.