Вытворчасць. Бяспека. здароўе
Учора ў шэрагу працоўных калектываў раёна прайшлі сустрэчы з інфармацыйна-прапагандысцкімі групамі райвыканкама. Група нумар адзін пад кіраўніцтвам старшыні райвыканкама У. П. Кураннога правяла сустрэчу з калектывам УП “Шумілінскі райаграсэрвіс”.
Новы старшыня райвыканкама выкарыстаў гэту сустрэчу для знаёмства з калектывам райаграсэрвісу, для таго, каб акрэсліць першачарговыя задачы як для сельскай гаспадаркі, так і для ўсяго гаспадарчага комплексу раёна. Уладзімір Пятровіч падкрэсліў, што сёння раён мае выдатную жывёлагадоўчую базу, забяспечаны сучаснай тэхнікай, але не захоўваюцца тэхналогіі і як вынік — няма прадукцыі, няма годнай зарплаты.
У. П. Куранны паставіў задачу павялічыць у два разы валавую вытворчасць прадукцыі і яе продаж. Асобны акцэнт старшыня райвыканкама зрабіў на працоўнай дысцыпліне, на бяспецы людзей.
17 лістапада — сусветны дзень некурэння. З гэтай нагоды перад аўдыторыяй выступіла начальнік арганізацыйна-кадравага аддзела райвыканкама Н. У. Захарава. Наталля Уладзіміраўна адзначыла, што спажыванне тытуню з’яўляецца другой па значнасці прычынай смерці ў свеце, што сёння тытунь прыводзіць да смерці кожнага дзясятага дарослага чалавека ў свеце — каля пяці мільёнаў выпадкаў смерці ў год.
Праблема курэння вельмі актуальная для нашай краіны, зазначыла дакладчыца, бо па даных рэспубліканскага сацыялагічнага даследавання ў Беларусі курыць 30,6% насельніцтва.
Намеснік начальніка раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях В. В. Шархун засяродзіў увагу на яшчэ адной праблеме — пажарах, гібелі людзей на іх. Ён паведаміў, што сёлета ў рэспубліцы адбылося 7192 пажары, на якіх загінула 1019 чалавек, у Віцебскай вобласці зарэгістравана 1178 пажараў — загінула 167 чалавек. У нашым раёне сёлета адбылося 35 пажараў (на 10 менш, чым у мінулым годзе), гібелі людзей на пажарах сёлета не дапушчана. Хаця гэтая акалічнасць не дае права супакойвацца, бо ў раёне вельмі многае яшчэ трэба зрабіць па супрацьпажарнай бяспецы.
Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў №89 ад 18.11.2011 г.