Што самавольна, тое незаконна
Cпынімся на некаторых артыкулах Закона аб зямлі па самавольным будаўніцтве і мерах, прадугледжаных за такія дзеянні. Адразу адзначым, што самавольнае будаўніцтва — гэта дзейнасць па стварэнні ці змяненнях нерухомай маёмасці шляхам будаўніцтва, рэканструкцыі (прыбудовы, надбудовы, перабудовы) капітальнай пабудовы, калі яна праведзена на самавольна занятым зямельным участку або на зямлі, якая выкарыстоўваецца не па прызначэнні або па рашэнні органа, які не мае паўнамоцтваў даваць такі дазвол. Нерухомасць, створаная ў выніку самавольнага будаўніцтва, лічыцца самавольнай пабудовай. Самавольнае будаўніцтва павінна быць неадкладна спынена.
Той забудоўшчык, які вядзе самавольнае будаўніцтва, не мае права распараджацца гэтай маёмасцю — ні прадаць, ні падарыць, ні здаваць у арэнду. Па гэтаму “самабуду” райвыканкам павінен прыняць адпаведнае рашэнне. Калі самабуд не парушае нормаў экалогіі, будаўнічых ці горадабудаўнічых правілаў, улады могуць дазволіць прадаўжаць будаўніцтва і рэгістраваць нерухомасць у адпаведнасці з заканадаўствам або прымусіць зрабіць перабудову як належыць па закону і нормах. У судовым парадку можа быць вынесена пастанова аб зносе самавольнай пабудовы.
На зямельным участку, перададзеным у прыватную ўласнасць або пажыццёвае спадчыннае валоданне, самавольнае будаўніцтва па рашэнні суда можа быць прызнана правам уласнасці на самавольную пабудову, калі “самабуд” не парушае ніякіх правілаў будоўлі і экалагічныя патрабаванні. Прызнанне судом права ўласнасці на самавольную пабудову з’яўляецца падставай для прыняцця мясцовым выканаўчым ці распарадчым органам рашэння аб працягу будаўніцтва і перадачы зямлі ў парадку, прадугледжаным заканадаўствам аб ахове выкарыстання зямель. Калі ж самавольнае будаўніцтва вядзецца з парушэннямі вышэйазначаных норм і правілаў, выносіцца рашэнне райвыканкама аб зносе пабудоў ці перабудове з тым намерам, каб не дапускаць парушэнняў.
У любым выпадку той, хто бярэцца за самавольнае будаўніцтва, павінен помніць: усё трэба рабіць у рамках закона, усведамляць, што самавольная капітальная пабудова прынясе шмат клопатаў і выдаткаў.
Самавольна занятым зямельным участкам лічыцца той, што выкарыстоўваецца без дакументаў, якія пацвярджаюць права на яго, за выключэннем выпадкаў выкарыстання грамадзянамі зямлі, перададзенай ім да 1 студзеня 1999 года для будаўніцтва і (ці) абслугоўвання жылога дома, абслугоўвання зарэгістраванай арганізацыяй па дзяржаўнай рэгістрацыі кватэры ў блакіраваным жылым доме, для вядзення асабістай падсобнай гаспадаркі, калектыўнага садаводства, дачнага будаўніцтва і ў іншых выпадках (у канкрэтнай жыццёвай сітуацыі трэба звяртацца ў землеўпарадкавальную службу).
Самавольна заняты зямельны ўчастак вяртаецца без кампенсацыі выдаткаў, затрачаных незаконным гаспадаром падчас самавольнага выкарыстання зямлі. Больш таго, той жа “гаспадар” павінен прывесці зямельны ўчастак у прыгодны для выкарыстання стан і знесці за свае сродкі ўсе пабудовы з участка. Вяртанне самавольна занятага ўчастка ажыццяўляецца на падставе рашэння райвыканкама або сельвыканкама (у залежнасці ад кампетэнцыі) з вызначэннем тэрмінаў выканання мерапрыемстваў па перадачы зямлі. Калі ж той, хто самавольна заняў зямельны ўчастак, адмаўляецца выконваць рашэнне адпаведнага выканкама, знос самавольнай пабудовы і прывядзенне зямельнага ўчастка да ладу ажыццяўляюцца выканаўчым камітэтам. Спагнанне ж выдаткаў на такія мерапрыемствы з незаконнага ўладальніка робіцца ў судовым парадку.
З. АЛЮЛІНА, начальнік землеўпарадкавальнай і геадэзічнай службы райвыканкама.
Опубликовано в №59 от 03.08.2010