В «Сиротинском» полным ходом идёт уборка кукурузы

Новости Экономика

Кукуруза пад два метры ў вышыню
Нягледзячы на халоднае надвор’е, на палетках КУСГП “Сіроцінскі” зараз гарачыя будні – поўным ходам ідзе ўборка кукурузы, да нарыхтоўкі якой прыступілі адразу пасля засыпкі ў засекі зернебабовых.

І. Аверчанка, М. Сладкі, М. Варкулевіч, А. Антонаў вымяраюць вышыню кукурузы.
Разам з дырэктарам гаспадаркі Мікалаем Прыгодзічам едзем на палеткі за Сіроцінам, дзе працуе кормаўборачны атрад. “Кукуруза вырасла адменная, не грэх і пахваліцца, думаю, на круг будзе каля 300 цэнтнераў з гектара, – кажа, паказваючы на двухмятровае сцябло, Мікалай Уладзіміравіч. – Мы набывалі насенне праз “Мясамалпрам” беларускага гатунку “палескі”, і ён апраўдаў сябе. Праўда, дзеля гэтага нашы механізатары прыклалі нямала намаганняў: навазілі на палеткі арганікі, своечасова правялі хімпраполку, падкармілі КАСам. Галоўны клопат на сённяшні дзень – хутка і якасна ўбраць вырашчаны ўраджай. Таму перш-наперш паклапаціліся пра складаныя ўчасткі, якія ў выпадку дажджоў стануць непраходнымі”.
Кожны дзень на палетках на кормаўборачным камбайне рупіцца Аляксандр Антонаў – за дзень паспявае здрабніць больш за трыста тон зялёнага корму. Таму за КВК замацаваны адразу тры адзінкі на адвозцы: Іван Аверчанка на МАЗе, Мікалай Прышчэпаў і Валерый Сладкі на МТЗ, а яшчэ вадзіцель з камунгаса Мікалай Варкулевіч, які на КамАЗе прыехаў у “Сіроцінскі” на дапамогу.  Увесь вадзіцельска-механізатараскі касцяк надзейны, умее працаваць і стараецца, адзначае кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства.
Аднак пры ўборцы кукурузы не абыходзіцца без праблем. Здавалася б, поле за Сіроцінам высокае, але ж МАЗ на суглінку на нашых вачах забуксаваў, прыйшлося Аляксандру Антонаву выручыць калегу і ўзяць яго на буксір.
–  Як сёлета ідзе нарыхтоўка сіласу? – пытаемся ў сіроцінскіх механізатараў.
– Добра, абы надвор’е было без дажджоў, тады ўправімся, – усміхаюцца мужчыны. – Праўда, прыйдзецца папацець: у гэтым годзе ў гаспадарцы засеяна 303 гектары кукурузы, што на 100 га больш, чым у мінулым годзе.  Ужо заклалі сіласную траншэю ў Слабадзе на паўтары тысячы тон, хутка будзе гатова траншэя ля фермы ў Сіроціне.
Напэўна, кіраўніцтва гаспадаркі мела рацыю, калі рабіла стаўку на кукурузу. Значнасць гэтай культуры відавочная і бясспрэчная: спажыўны, карысны і добры ўніверсальны корм, якія з’яўляецца неблагой альтэрнатывай свежай траве і цалкам задавальняе энергетычны рацыён кароў. У гаспадарцы плануюць нарыхтаваць 9 тысяч тон сіласу, што разам з сенажом складзе 25 кармавых адзінак на адну ўмоўную галаву жывёлы.
На раніцу ўчарашняга дня ў “Сіроцінскім” убрана 134 га кукурузы (44% плошчаў).
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №77 ад 01.10.2019 г.