Цяжка, але аптымізм не губляюць
Многім прадпрыемствам сёння нясоладка. Час такі: каб выжыць, трэба, хутчэй за ўсё, па-іншаму мысліць, круціцца, прабіваць, рабіць усё, каб не толькі захаваць калектыў, а і “папесціць” рабочага чалавека дастойнай зарплатай.
Іншыя варыянты проста правальныя. Разумее гэта і дырэктар прадпрыемства меліярацыйных сістэм (ПМС) В. Л. Філіпаў. Валерый Леанідавіч настроены аптымістычна: нягледзячы на цяжкасці, калектыў ме-ліяратараў стараецца, ён нацэлены на тое, каб напружаныя задачы выконваць, уводзіць у севазварот усё новыя плошчы абноўленай зямлі. Нездарма ПМС называюць лекарамі зямлі.
Начальнік вытворча-тэхнічнага аддзела ПМС В. С. Кавалёва прызналася: да канца года калектыў не выцягне заданне (трэба было асвоіць 5,7 мільярда рублёў). Па выніках работы за 9 месяцаў года выкананне складае 3 мільярды 921 мільён, хаця па графіку асваенне павінна скласці 4,8 мільярда. Праўда, аб’ём падрадных работ у дзеючых цэнах у параўнанні з 9 месяцамі мінулага года склаў 108,3%.
Што перашкаджае выканаць тое, што намячалі? В. С. Кавалёва ў меліярацыі 35 гадоў, помніць розны час: і цяжка было, і былі ў зеніце славы, калі самі і будавалі, і зараблялі дастойна. Час памяняўся. На думку В. С. Кавалёвай, гадоў пад дзесяць, як няма стабільнасці ў кадрах меліяратараў. Асабліва інжынерна-тэхнічнага складу. Прыходзяць пасля каледжа, пасля акадэміі, два гады адпрацуюць і — з’язджаюць. І месца ў інтэрнаце даюць, і стараюцца падтрымаць маладых матэрыяльна, але не ўсё так проста. Добрым майстрам-меліяратарам быў Жэня Барэц, паступіў завочна на бюджэтнае месца ў акадэмію, але неўзабаве забралі яго на вайсковую службу. Ніяк не могуць знайсці чалавека на пасаду прараба. В. І. Спірыдава — вопытны прараб, але яна ў тых гадах, калі праз год-другі “грымне” пенсія. З акадэміі едуць у ПМС неахвотна: невысокая зарплата.
Цяжка з набыццём новай тэхнікі. Мінулі тыя часы, калі яе давалі бясплатна па разнарадках. Сёння ПМС набывае яе па лізінгу. Так купілі два МАЗы, а нядаўна — новы экскаватар. Валянціна Сямёнаўна помніць той час, гадоў пятнаццаць назад, калі на аб’ектах працавалі 11 шматкаўшовых экскаватараў, сёння занята ўсяго 2.
І нарэшце, паўплывала няпэўнасць у эканамічнай сітуацыі наогул па краіне. Усё было стабільна, працавалі без збояў да жніўня 2011-га, а затым знялі 780 мільёнаў на меліярацыйныя работы ў ААТ “АграБаравінка”. Узнікла трывога, занепакоіліся рабочыя. Пачалі звальняцца, хаця не “пачкамі”, як ходзяць чуткі, — некалькі вадзіцеляў і трактарыст. Касцяк жа застаўся. Неўзабаве фінансаванне аб’екта ААТ “АграБаравінка” вярнулі, дадалі трохі сродкаў на паляпшэнне зямель у ААТ “Лаўжанскае”.
З праграмай на 2012 год у ПМС яшчэ акрэсленасці няма. Тым не менш улады ўсялілі аптымізм: застануцца для рэканструкцыі і эксплуатацыі аб’екты ААТ “Прыазёрны мір”, “Ляжні”, КУСГП “Ульскі”, іншыя. Гэта дазволіць не толькі захаваць калектыў меліяратараў, а і забяспечыць людзей дастойным заробкам. Зараз жа ён за 9 месяцаў склаў 1 мільён 350 тысяч рублёў, у межах 1,5 мільёна была зарплата ў жніўні. Праўда, калі ўлічыць спецыфіку работы, грошы невялікія. Было, што меліяратары па гэтаму паказчыку ішлі ў авангардзе. Праўда, засталася авангардная брыгада дрэнажнікаў Свірыдзенкі. У Валерыя Мікалаевіча лынды біць не будзеш, і плённая праца дазваляе тут мець заробак у 3 мільёны рублёў за месяц. Вядома, зарплату трэба зарабіць. Гэта аксіёма. Асабліва сёння, калі на ўліку кожная бюджэтная капейка.
Мікалай МАРОЗ.
Надрукавана ў №88 ад 15.11.2011 г.