Доска почёта Шумилинского района: Раиса Туманова

Актуалии Образование Общество

Цэнтр дзяцей і моладзі – яе жыццё
Хутка будзе адзначацца Дзень настаўніка, таму мы сустрэліся з дырэктарам Цэнтра дзяцей і моладзі Раісай Аляксандраўнай Туманавай, чыё прозвішча занесена на раённую Дошку гонару.

Дзень настаўніка Раіса Аляксандраўна адзначае з 1975 года, калі прыехала працаваць на Шуміліншчыну. Родам сама з Чашніцкага раёна, яна вывучылася на настаўніка хіміі і біялогіі, працавала па спецыяльнасці ў Амбросавіцкай школе. Потым дзевяць гадоў узначальвала Дом піянераў і школьнікаў у Шуміліне, працяглы час працавала спецыялістам аддзела адукацыі. Яе педагагічнаму вопыту толькі пазайздросціць – менавіта такія кадры асабліва каштоўныя.
Відаць, гэтай акалічнасцю і кіраваліся, калі ў 2011 годзе прапанавалі Р. А. Туманавай заняць пасаду дырэктара Цэнтра дзяцей і моладзі. Так што Раісе Аляксандраўне,  “двойчы прыйшлося  ўвайсці ў адну і тую ж рэчку”.  “Раней быў Дом піянераў і школьнікаў, потым – Цэнтр пазашкольнай работы, а сёння Цэнтр дзяцей і моладзі, – кажа Раіса Аляксандраўна. – Назвы ўстановы мяняліся, функцыі заставаліся – мы павінны арганізаваць вольны час дзяцей, развіваць іх здольнасці, заахвоціць да творчай дзейнасці розных накірункаў.  Цэнтр дзяцей і моладзі – гэта маё жыццё. Я люблю сваю работу, люблю дзяцей, бо яны такія цікавыя, непасрэдныя, кожны са сваімі здольнасцямі і захапленнямі. Разам з тым не люблю расказваць пра сябе. Напішыце лепш пра калектыў цэнтра – тут кожны на сваім месцы, яны ўсе прафесіяналы, з імі лёгка знайсці агульную мову. І сталыя педагагічныя работнікі, і маладыя разумеюць, што сёння трэба працаваць на вынік, таму яны праяўляюць ініцыятыву, разам з вучнямі ўдзельнічаюць у розных конкурсах, выставах, спаборніцтвах і перамагаюць, цесна супрацоўнічаюць з бацькамі сваіх навучэнцаў. Дзякуючы працаздольнаму і ініцыятыўнаму калектыву, наша ўстанова сёння запатрабаваная: у Цэнтры ў гэтым навучальным годзе працуюць 95 аб’яднанняў па інтарэсах, якія наведаюць 899 дзяцей. Мы ўдзячны бацькам, якія давяраюць нам і выбіраюць для сваіх дзяцей нашы аб’яднанні”.
Вядома, у дырэктара ЦДіМ вельмі многа службовых абавязкаў: кіраваць і планаваць, кантраляваць і правяраць, адказваць за дзяцей, педагогаў, ахову працы, пажарную бяспеку, фінансава-гаспадарчую дзейнасць. Дзякуючы сваёй надзейнай камандзе з усім гэтым Раіса Аляксандраўна добра спраўляецца. Яна вельмі дружалюбны, шчыры і адкрыты чалавек, у яе многа сяброў, якія заўсёды прыходзяць на дапамогу. Калегі цэняць яе вытрыманы характар, кампетэнтнасць, вялікі педагагічны вопыт. Раіса Аляксандраўна патрабавальная, але ніколі не будзе прыдзірацца па дробязях. А галоўнае – яна заўсёды  стаіць гарой за свой калектыў, бо ўпэўнена, што ў цэнтры працуюць самыя лепшыя педагогі і тэхнічны персанал.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №76 ад 27.09.2019 г.