Перспектыва рэгіёна – за маладымі
У 2019 годзе аграрыі Віцебскай вобласці атрымалі хлеб, які зарабілі няпроста, тым не менш, валавы збор склаў 980 тысяч тон, гэта на 30% больш за мінулагодні паказчык, поўнасцю выкананы дзяржаўны заказ, адзначыў старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарснёў падчас прэс-канферэнцыі, прысвечанай пытанням развіцця аграпрамысловага комплексу Віцебшчыны і абласному фестывалю-кірмашу працаўнікоў сяла “Дажынкі-2019” у Браславе.
“Было зроблена ўсё, каб атрымаць больш важкі ўраджай, але надвор’е не дазволіла ўбраць усе палеткі, – сказаў кіраўнік вобласці. – Частку плошчаў, якія з-за дажджоў палеглі, параслі пустазеллем, прыйшлося ўбраць на кармы”.
Мікалай Шарснёў назваў у ліку лепшых Віцебскі і Аршанскі раёны, якія намалацілі больш за 100 тысяч тон, добрыя вынікі паказалі Пастаўскі (валавы збор склаў 169,7% да 2018 года), Верхнядзвінскі (146%), Ушацкі і Чашніцкі (па 144%), Гарадоцкі (141%) раёны.
Патэнцыял для росту ўраджаю ёсць, падкрэсліў ён. Добрыя вынікі паказала гібрыднае жыта, якое дала на асобных участках да 80 ц/га і нават да 120 ц/га. А ў такіх гаспадарках, як “Ларынаўка” Аршанскага раёна, сярэдняя ўраджайнасць склала 82 ц/га, “Задняпроўскім” – 80 ц/га, “Мнюта” Глыбоцкага раёна – 78 ц/га. Каб такі ўраджай быў паўсюль трэба, па-першае, забяспечыць Віцебскую вобласць тэхнікай. Штуршок да абнаўлення матэрыяльна-тэхнічнай базы АПК вобласці і наогул для развіцця дасць указ Кіраўніка дзяржавы, які рыхтуецца.
Тэма мадэрнізацыі тэхнічнага парку гаспадарак вобласці ўсплывала ў ходзе прэс-канферэнцыі не раз.
Так, старшыня аблвыканкама заўважыў, што ў параўнанні з 2002 годам нагрузка на тэхніку і на механізатараў вырасла ў разы. Таму рэзервы ўраджаю ў тым, каб мець моцны тэхнічны парк. Таксама трэба настройваць кадры на тое, што мы можам атрымліваць высокія ўраджаі, не горшыя чым у еўрапейскіх краінах. Трэба вытрымліваць тэхналогіі, улічваючы нашы мясцовыя асаблівасці. І зрабіць гэта можна за пяцігодку, падкрэсліў старшыня.
Кіраўнік вобласці адзначыў высокі патэнцыял маладых кадраў – кіраўнікоў і спецыялістаў. Менавіта яны хутчэй успрымаюць новыя патрабаванні, выконваюць іх. Менавіта на маладых трэба рабіць стаўку. Мікалай Шарснёў прывёў прыклады маладых кіраўнікоў у райвыканкамах, гаспадарках вобласці, з прыходам якіх пачаліся станоўчыя зрухі. “Перспектыва Віцебскай вобласці за маладымі, але іх трэба падрыхтаваць”, – падкрэсліў ён.
Кіраўнік вобласці станоўча ацаніў і вынік новай сістэмы аплаты працы ў жывёлагадоўлі. Сваё меркаванне пацвердзіў лічбамі са зводкі: валавая вытворчасць малака – 103,8%, рэалізацыя – 106%, сортам “экстра” прадаецца 61% малака. Сярэдняя зарплата спецыялістаў у жывёлагадоўлі складае 970 рублёў, а там, дзе зразумелі сутнасць новай сістэмы аплаты і імкнуцца да павелічэння прадукцыі, заробкі яшчэ вышэй. Мікалай Шарснёў звярнуў увагу на праблему з падрыхтоўкай спецыялістаў для галіны, а таксама іх замацавання.
Кіраўнік вобласці спыніўся на развіцці льняной галіны. Ён адзначыў, што з васьмі льнозаводаў у вобласці мадэрнізаваныя тры. Два мадэрнізаваныя заводы – Арэхаўскі і Дубровенскі – даюць 60% усяго валакна і 80% доўгага. На астатніх абсталяванне зношана поўнасцю, іх аднаўленне немэтазгодна. Вытворчасць змогуць забяспечыць 1-2 новыя заводы. Калісьці на Віцебшчыне сеялі 60 тысяч гектараў льну – гэта патэнцыял на будучае, тым больш, што ў свеце вялікі попыт на льнотканіну, і трэба паспець захапіць гэты рынак, заўважыў старшыня аблвыканкама.
Мікалай Шарснёў закрануў і праблему эфектыўнасці выкарыстання зямель, адзначыўшы, што плошча ворыва ў вобласці зменшылася з 1,1 мільёна га да 800 тысяч. Задача – захаваць гэтыя плошчы, прывесці іх у парадак, убраць хмызняк, вымачкі. Сучасная шыроказахопная тэхніка патрабуе выраўненых чыстых палеткаў.
Журналістаў цікавілі пытанні развіцця экалагічных гаспадарак і касмічных тэхналогій у сельскай гаспадарцы, развіццё “вёсак будучага” і прафілактыкі эканамічных злачынстваў.
Адказваючы на пытанне аб развіцці фермерства, Мікалай Шарснёў заўважыў, што 376 фермерскіх гаспадарак, якія працуюць у вобласці, даюць 0,8% валавой прадукцыі галіны. Кіраўнік вобласці сказаў, што фермеры, на яго думку, павінны дапаўняць асноўныя сельгаспрадпрыемствы вытворчасцю эксклюзіўнай прадукцыі, што яны і робяць у значнай ступені: садавіна і гародніна, цыбуля, коза- і авечкагадоўля і іншае. Так, 32 фермеры гадуюць авечак, у тым ліку пяць маюць больш за 200 галоў. Новы футравы камбінат мае патрэбу ў сыравіне. Але пагалоўе трэба павялічваць у разы. Улада гатова дапамагаць.
Мікалай Шарснёў запрасіў журналістаў у Браслаў на свае вочы пераканацца ў тым, як папрыгажэў старажытны горад да абласнога свята.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №76 ад 27.09.2019 г.