Упершыню з 1999 года ў Рэспубліцы Беларусь зарэгістраваны выпадак захворвання сібірскай язвай

Новости

Асцярожна: сібірская язва
Упершыню з 1999 года ў Рэспубліцы Беларусь зарэгістраваны выпадак захворвання сібірскай язвай. У Столінскім раёне Брэсцкай вобласці захварэў і здох конь у прыватніка.

Сібірская язва – асабліва небяспечная інфекцыйная хвароба сельскагаспадарчай і дзікай жывёлы ўсіх відаў, а таксама чалавека, якая  працякае імгненна і востра.
Імгненнае развіццё сібірскай язвы з’яўляецца пераважна ў авечак і коз, радзей – у коней і буйной рагатай жывёлы. Жывёла гіне раптоўна, клінічныя прыкметы хваробы цяжка заўважыць. Захварэлая авечка, напрыклад, цяжка дыхае, дрыжыць, у прыпадку сутаргі падае на зямлю і праз некалькі хвілін гіне. З насавых адтулін і рота выдзяляецца  крывавая пена. У коней і буйной рагатай жывёлы адзначаюцца ўзбуджэнне, якое хутка змяняецца прыгнётам, цяжкае перарывістае дыханне, пачашчэнне пульсу, сінюшнасць слізістых абалонак, павышэнне тэмпература да 41-42 градусаў. Праз некалькі хвілін, радзей некалькі гадзін, жывёла гіне ў канвульсіі.
Узбуджальнік – спораўтваральная бактэрыя, устойлівая да фізіка-хімічных уздзеянняў, захоўваецца ў знешнім асяроддзі стагоддзямі. Глебавымі ачагамі лічацца біятэрмічныя ямы і іншыя месцы ўтылізацыі жывёлы, загінуўшай ад сібірскай язвы.
Меры прафілактыкі для ўладальнікаў жывёлы:
– рэгістраваць у дзяржаўнай ветэрынарнай установе пакупку, продаж, здачу на забой і ўсе іншыя перамяшчэнні жывёлы;
– прадстаўляць жывёлу ветэрынарным спецыялістам для правядзення клінічнага агляду, вакцынацыі і даследавання;
– забяспечыць каранцін набытай жывёлы на працягу 30 дзён для правядзення ветэрынарных даследаванняў і апрацоўкі;
– захоўваць заагігіенічныя і ветэрынарныя патрабаванні пры перавозках, размяшчэнні, утрыманні і кармленні жывёлы;
– ужываць у ежу мяса забітай жывёлы толькі пасля правядзення ветэрынарна-санітарнай экспертызы;
– своечасова інфармаваць дзяржаўных ветэрынарных спецыялістаў пра ўсе выпадкі падзяжу або захворвання жывёлы;
ВАЖНА! Пры выяўленні трупа жывёлы неабходна неадкладна паведаміць ветэрынарным спецыялістам. Самастойна аглядаць, разбіраць і перамяшчаць труп жывёлы забаронена.
– захоўваць меры асабістай гігіены.
Ларыса ЦІХАНЕНКА, галоўны ветурач Шумілінскага раёна.
Надрукавана ў №73 ад 17.09.2019 г.