Колькі год Шумілінскай раённай бібліятэцы?

Культура

Колькі   год   бібліятэцы?

На здымку: 50-я гады. Бібліятэкары Шумілінскага раёна. Фота з архіва Шумілінскай раённай бібліятэкі.

Ну, калі весці размову пра бібліятэку наогул, дык зразумела, што бібліятэка з’явілася разам з асваеннем чалавекам граматы, нават яшчэ да друкаванага слова існавалі бібліятэкі, дзе пісцы карпат-ліва перапісвалі рукапісныя світкі.
А вось колькі год нашай Шумілінскай раённай бібліятэцы? 100 было ў мінулым годзе, кажуць самі работнікі бібліятэкі. 95 спаўняецца сёлета, кажуць тыя, хто чытаў кнігу “Памяць. Шумілінскі раён”. Хто мае рацыю, дакладна сцвярджаць цяжка, бо мы пакуль што не маем на руках канкрэтнага ўказа ці іншага афіцыйнага дакумента аб стварэнні ў Шуміліне бібліятэкі. Думаецца, такі дакумент будзе выяўлены, а пакуль што мы звернемся да існуючых крыніц.
У кнізе “Памяць. Шумілінскі раён” мы знаходзім звесткі, што на дату ўтварэння Шумілінскага раёна – 1924 год – на яго тэрыторыі ўжо існавалі 3 хаты-чытальні (у Лоўжы, Дабеі і Мішневічах), а таксама Народны дом у Шуміліне. Народны дом, як вядома, з’яўляўся многафункцыянальнай культурна-асветніцкай установай, якая аб’ядноўвала і бібліятэку, і клуб, а падчас і вячэрнюю школу.
Кнігу “Памяць” мы ўспрымаем як афіцыйнае гісторыка-краязнаўчае выданне і таму спасылаемся на 1924 год як дату ўпамінання бібліятэкі ў Шуміліне.
У той жа час у самой бібліятэцы сабраны багаты архіў, у якім знаходзіцца шмат цікавых матэрыялаў. Напрыклад, успаміны чытача Маркава Івана Мікалаевіча 1889 года нараджэння, у якіх ён піша: “Прыехаў я ў Шуміліна прама з фронту ў 1918 годзе пасля канчатковага аднаўлення Савецкай улады. Прысланы я быў працаваць пры паштовым агенцтве. У гэтым жа 1918 годзе пры паштовым агенцтве пачала арганізоўвацца бібліятэка. Літаратуру прыносілі жыхары м. Шуміліна, а таксама яна рэквізавалася ў буржуазных сем’ях – урадніка, суддзі, станавога. Бібліятэка была невялікая, па змесце – у большасці творы рускіх і замежных класікаў. Калі ўтварыўся Нардом у м. Шуміліна, бібліятэка была перада-дзена ў яго падпарадкаванне. (Але Іван Мікалаевіч, які ў далейшым стане членам бібліятэчнага Савета, на жаль, не ўказвае канкрэтную дату ўтварэння Нардома – рэд.). Шмат рашалася цікавых пытанняў у той час у бібліятэцы, яе наведвала шмат людзей, дзяжурыў у бібліятэцы штодзённа юрыст па дзве гадзіны. Ён бясплатна кансультаваў насельніцтва па ўсіх пытаннях”.
Цікавай сёння падаецца і інфармацыя, змешчаная ў “Справаздачы абследавання Сіроцінскага раёна Віцебскай акругі” ад лютага 1925 года, якая сведчыць пра развіццё бібліятэчнай справы: “… у раёне працуюць Лаўжанская, Мішневіцкая, Дабейская, Спаская, Жарабыцкая, Пагарэльская, Ровенская хаты-чытальні, Сіро-цінскі клуб”. Адзначана, што Нардомы працавалі за сродкі Райпалітсавета, а хаты-чытальні існавалі на сродкі шэфаў і мясцовай кааперацыі. Нардомы і хаты-чытальні абслугоўвалі чытачоў на беларускай і рускай мовах.
Таксама ў “Справаздачы абследавання Сіроцінскага раёна Віцебскай акругі” ёсць звесткі, што Нардом разам з бібліятэкай размяшчаўся ў памяшканні чыгуначнага клуба.
У справаздачным бланку, запоўненым бібліятэкарам Арэхарым Рыгорам, за чэрвень 1925 года значыцца, што ў бібліятэцы пры Нардоме налічвалася 160 чытачоў, ім выдадзена 1137 экзэмпляраў кніг.
А вось ужо ў 1938 годзе раённая бібліятэка займела асобны дом на два пакоі ў цэнтры Шуміліна. У адным пакоі размяшчаўся кніжны фонд і абанемент, у другім – чытальная зала. Кніжны фонд складаў больш за 9 тысяч экзэмпляраў, а колькасць чытачоў ужо набліжалася да 500. Такія карысныя звесткі мы знаходзім ва ўспамінах былой загадчыцы Шумілінскай раённай бібліятэкі (1938-1940 гады)  Валянціны Піліпаўны Каранеўскай.
“Хутчэй за ўсё размова ідзе пра домік каля цяперашняга аўтавакзала, – кажа краявед і пісьменнік Віктар Улюценка, з якім мы абмяркоўваем гісторыю Шумілінскай раённай бібліятэкі, – пасля вайны там была дзіцячая бібліятэка. А дарослыя хадзілі ў бібліятэку, якая размяшчалася на перакрыжаванні вуліц Безымяннай і К. Маркса. Там заўсёды было шматлюдна, за некаторымі кнігамі былі чэргі, а выдавалі кнігу не больш чым на 10 дзён. А Івана Мікалаевіча Маркава я памятаю, ён быў ужо ў паважаных гадах, сухенькі, падцягнуты і заўсёды ў сінім паштовым мундзіры”.
Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў №72 ад 13.09.2019 г.