Ключ атрымаў «БУФФ»
11.11.2011. Хто чаго чакаў ад гэтай даты, а шумілінцы рыхтаваліся смяяцца. Наш раён прымаў XI абласное свята гумару “Смяяцца не грэх». Два дні Шумілінскі ГДК поўніўся смехам, які, напэўна, было чуваць на вуліцы. Амаль трыццаць калектываў і індывідуальных выканаўцаў выступілі перад строгім журы за два дні. Удзельнікі свята пасля конкурсных выступленняў наведалі аграгарадкі Мікіціха і Слабада і парадавалі сваёй творчасцю вяскоўцаў.
Але аб усім па парадку. 11 і 12 лістапада ў фае ГДК разгарнулася выстава-кірмаш “Наш тавар лепшы”, на якой былі прадстаўлены гумарыстычныя і не толькі творы, падрыхтаваныя ўстановамі культуры вобласці. Тут можна было пачаставацца народнымі стравамі, прыгатаванымі майстрамі з народных клубаў нацыянальнай кухні.
Таксама ў фае разгарнулася выстава “Карыкатуры з натуры” — гумарыстычных парадыйных тантамарэсак (стэндаў для фатаграфавання), дзе кожны жадаючы мог сфатаграфавацца ў выглядзе бравага каўбоя ці марака, жаніха ці нявесты, уявіць сябе ў жаночай лазні і іншае.
У адкрыцці свята бралі ўдзел начальнік упраўлення культуры аблвыканкама У. У. Цярэнцьеў, намеснік старшыні райвыканкама А. М. Зайцаў, начальнік аддзела культуры і мастацтва ўпраўлення культуры аблвыканкама Г. Ф. Баркевіч (старшыня журы), начальнік аддзела культуры райвыканкама А. Ф. Мацвяйчук.
Ну а затым вядучыя А. Петухоў і Н. Матусевіч прадставілі пастаяльцаў гумарыстычнага гатэля (менавіта так было аформлена сёлетняе свята), і на сцэне разгарнулася феерыя з гумарэсак і баек, анекдотаў і тэатралізаваных пастановак, відэафільмаў і музычных нумароў, са шматслоўным вывяржэннем і зусім без слоў, пад фанаграму і ў жывым выкананні, але ўсё з гумарам, смехам, патокамі радасці і энергіі, якая літаральна абрынулася на гледачоў, якіх, дарэчы, было на конкурснай праграме няшмат, нават у суботу.
Востра сатырычныя і па добраму гумарыстычныя нумары абыгрывалі розныя бакі нашага жыцця. Быццам са звычайнай вясковай вуліцы прыйшлі “Аднавяскоўцы” народнага тэатра мініяцюр “Кактуз – как Туз” Полсвіжскага СДК (Лепельскі раён). Як рэальныя муж і жонка павялі размову ўдзельнікі мініяцюры “8 Сакавіка” Гарадоцкага ГДК. Сапраўдны калейдаскоп персанажаў прадстаў у “Балагане” шоу-групы “Покер” з Браслава. “Казку пра Ямелю-лодара” паказаў народны тэатр мініяцюр “Ідучыя на смех” з Падсвільскага ГДК (Глыбоцкі раён).
“Каламбур па-Гарадоцку” прадэманстраваў народны тэатр мініяцюр “Фанограф” з Гарадка. А дэбютанты свята – тэатр эстрадных мініяцюр і пародый “Тэмп” з Лёзна прадставілі на суд гледачоў і журы “Поўны… каламбур”. Ужо добра знаёмыя шумілінскім гледачам народны тэатр мініяцюр “Кураж” з Рубы і народны сатырычны калектыў “Шпілька” з Глыбокага пасмяшылі цэлымі прадстаўленнямі “Хочаш жыць – умей круціцца” і “Смяяцца дазваляецца”.
Быццам на адным дыханні праляцела феерычнае музычнае папуры “Дабро паскардзіцца ці пабочным В” удзельнікаў народнага юнацкага тэатра мініяцюр “Зборная нашага горада” з Верхнядзвінска. Радасцю і нейкім цудоўным настроем уразілі сонечныя добрыя клоуны з народнага калектыву “Маска” ПУП “Галант” з Віцебска, якія прадставілі некалькі нумароў: “Відэа”, “Дакучлівая муха”, “Фокуснікі”.
“Такое каханне” паказалі “Свае хлопцы” з міёрскага народнага тэатра мініяцюр, “Вялікае жыццё” разгарнулі на сцэне Шумілінскага ГДК лепельскія артысты з народнага тэатра мініяцюр “Балаган”. “Мы родам з казкі” – так называлася прадстаўленне будучык работнікаў культуры з Віцебскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў.
А яшчэ былі цікавыя і смешныя “Багушэўскія анекдоты” і “Зуб” з Бешанковіч, «Падарунак» з Язвіна і “Пробка” з Башнёў, “Прагноз надвор’я” з Расонаў і “На базары” з Міёраў і многія іншыя.
Як заўжды, ярка і з выдумкай прадставіў свой нумар наш шумілінскі народны тэатр мініяцюр “Буфф”. Сцэны з жыцця “вечных” студэнтаў у інтэрнаце “Кулька” (так называюць паміж сабой навучэнцы і выпускнікі Віцебскага каледжа мастацтваў сваю ўстанову) былі зразумелыя і работнікам культуры, многія з якіх былі жыхарамі гэтага інтэрната, і ўсім гледачам.
Гледачы цёпла сустракалі ўсіх удзельнікаў конкурсу. Але ў журы, была складаная работа. На іх суд выносіліся і прафесійныя работы, і аматарскія, розны быў узровень выканаўцаў, розным быў і змест нумароў. Хтосьці радаваў яскравым і шчырым гумарам і сатырай, хтосьці ўдала праходзіў па тонкаму лязу паміж смехам і пошласцю, а вось камусьці гэта не ўдалося. Але журы ўсё расставіла па сваіх месцах.
Увечары на гала-канцэрце зала ГДК была паўнюткая, можна казаць, яблыку ўпасці не было дзе. Не выратаваў сітуацыю і дадатковы рад, які паставілі для жадаючых пасмяяцца.
Ярка і ўрачыста адкрыў канцэрт ансамбль барабаншчыц з Глыбокага. А далей пачаўся феерверк з лепшых конкурсных нумароў. Напрыканцы вечара на сцэну паднялася журы, каб уручыць дыпломы прызёрам і пераможцам свята.
Сярод дыпламантаў і лаўрэатаў XI абласнога свята гумару – народны клуб беларускай кухні “Разынка”, выканаўцы Валянціна Пашкевіч (Язвінскі СДК) і Таццяна Крадзецкая (Башнёўскі СК), тантамарэска Шумілінскага ГДК “Жаночая лазня”.
Каторы год запар застаўся у нашым раёне і галоўны прыз свята – заслужаную перамогу атрымаў народны тэатр мініяцюр “Буфф”. Ключ ад 11 нумара гумарыстычнага Гатэля атрымаў кіраўнік тэатра Юрый Раманаў.
Свята закончылася, а гледачам засталіся радасць, смех, вясёлы настрой, якія так патрэбныя ў гэтыя сумныя восеньскія дні. Да наступнага свята, да 2013 года!
Тэкст і фота Сяргея ЕРМАЛАЕВА.
Надрукавана ў №88 ад 15.11.2011 г.