У Обалі модна займацца ў Ганушчанкі
Пра обальскую школу грэка-рымскай барацьбы раённая газета пісала не раз. Пастаянна тут з’яўляўцца новыя зорачкі класічнай барацьбы.
Многія выхаванцы Пятра Ганушчанкі ў жыцці выбіраюць спартыўную сцежку. Сёння ў Віцебскім вучылішчы алімпійскага рэзерву вучацца абальчане Кірыл Чухноў, Аляксандр Барсукоў і Уладзіслаў Грачухін (на здымку). Хлопцы – пераможцы і прызёры абласных, рэспубліканскіх і міжнародных турніраў.
Спецыялісты барацьбы даўно назіралі за абальчанамі, за іх поспехамі і няўдачамі на барцоўскім дыване. І, як вынік, запрашэнне на вучобу ў Віцебскае вучылішча алімпійскага рэзерву. Як кажуць, неперспектыўныя туды не трапляюць.
Першыя крокі ў спорце юных спартсменаў не былі аднолькавымі: Уладу Грачухіну больш лёгка даваліся перамогі, Кірыл Чухноў да перамог ішоў праз памылкі, а Саша Барсукоў браў бар’еры жаданнем бароцца і перамагаць. Рознымі шляхамі, але хлопцы заявілі пра сябе ў прафесійным спорце. Галоўнае, што ёсць у кожнага з іх – жаданне працаваць для будучых перамог.
Хлопцы прызналіся, што пасля перамог на турнірах цвёрда вырашылі стаць спартсменамі-прафесіяналамі. І першыя крокі да гэтага яны ўжо зрабілі. “Школа алімпійскага рэзерву – добры падмурак для прафесійнай кар’еры,” — упэўнены трэнер Пётр Ганушчанка.
Пётр Ганушчанка любіць паўтараць, што важна паціху, невялікімі крокамі ісці да запланаванага і тады мары становяцца рэальнасцю. Тады будуць і маладзёжная, і нацыянальная зборныя Беларусі, і перамогі на чэмпіянатах свету і Алімпійскіх гульнях.
Алесь САКАЛОЎ.
Надрукавана ў №87 ад 10.11.2011 г.