Першы ўрок
“Занімай, Беларусь маладая мая, свой пачэсны пасад між народамі!”
Гэты, вынесены ў загаловак, радок з верша Янкі Купалы “Маладая Беларусь” прапанаваны ў якасці тэмы для першага ўрока ў Дзень ведаў.
Словы песняра беларускага народа сугучныя з тэмай Года малой радзімы, падкрэсліваюць суверэнітэт і незалежнасць Рэспублікі Беларусь. Таксама ў ходзе першага ўрока знойдзе сваё адлюстраванне тэма Вялікай Перамогі.
Паколькі сёлета 1 верасня прыпадае на выхадны дзень, то ўсе ўрачыстасці, звязаныя з пачаткам новага навучальнага года, пройдуць у школах і гімназіях 2 верасня.
Як паведамляе прэс-служба Міністэрства адукацыі, у новым навучальным годзе за парты сядуць 1 мільён 30 тысяч школьнікаў, у тым ліку 115 тысяч першакласнікаў.
У 2019 годзе ва ўстановы сістэмы адукацыі былі накіраваныя 4,3 тысячы маладых спецыялістаў.
Да новага навучальнага года ў Беларусі расчыняць дзверы восем школ-новабудоўляў, разлічаныя амаль на 7,3 тысячы месцаў, у тым ліку дзве ў Мінску: адна ў Першамайскім раёне сталіцы (СШ № 93 на 792 месцы), другая — у Фрунзенскім (СШ № 2 на 1020 месцаў).
Вольны вецер напеў вольных песень табе,
Бор зялёны ўзняў дружным гоманам.
Сонца полымем вызвала к слаўнай сяўбе,
Зоры веру ўлілі сілам зломаным.
I ў час буры, нягод і вялікіх надзей
Зацвіла, расцвіла даўгажданая,
I крыніцай жывой над Айчынай сваёй
Паплыла, пацякла неспыняная.
Паплыла, пацякла з светлай казкай жыцця
Полем, лесам, гарой і далінаю…
З свойскіх кветак-пралесак – карона твая,
Ўся сама – ясната лебядзіная.
Зіхаціш і гуслярскаю песняй звініш,
Узнімаеш мінуўшчыну даўную;
Час сягонняшні ўперад ісці не пыніш
I глядзіш смела ў будучнасць тайную.
Смела ў сонцы ідзеш, як жывы агняцвет,
Сееш ласкава сны залацістыя;
Не пужае сумежны дакучны сусед,
Не пужае пуціна цярністая.
Ад мяжы да мяжы, ад капца да капца
Абнаўлення павевы расходзяцца,
Абнімае душу без граніц, без канца
Маці-радасць, што лепшы дзень родзіцца.
Ўжо не так тапары ў зялёным бары
Хвойкі валяць зімой маразянаю,
Ўжо не так касары ад зары да зары
Летам звоняць касой адкляпанаю.
Значан гарт у руках, чутна песня без слёз,
Грудзі славы надзеяй калышуцца,
Ў кнігі новы закон ёмка пёрамі з кос
Наўсяды людзьмі новымі пішуцца.
Расцвітай жа, ўзнімай на арліных крылах
Душы, сэрцы і думы заспаныя,
Вызывай, выклікай на вялікі прасцяг
Сілу, ведзьмай-пятлёй не чапаную.
Высылай, рассылай на край свет пасланцоў,
Як з гнязда сакалінага сокалаў,
Хай лятуць, далятуць да байцоў-удальцоў,
Хай грымяць весткай добраю ўвокала.
Годзе ў полі, у лясах ты, старонка, і так
Сіратой начавала забытаю,
Годзе выпіў крыві з сэрца крыўды чарвяк,
Косці вецер тачыў непакрытыя.
Падымайся з нізін, сакаліна сям’я,
Над крыжамі бацькоў, над нягодамі,
Занімай, Беларусь маладая мая,
Свой пачэсны пасад між народамі!..