Завершана ўступная кампанія ва ўстановах вышэйшай адукацыі Віцебскай вобласці. Абласной камісіяй па кантролі за ходам падрыхтоўкі і правядзення ўступных іспытаў ва ўстановах вышэйшай і сярэдняй адукацыі ў 2019 годзе ажыццяўляўся пастаянны кантроль за выкананнем заканадаўства, пачынаючы з ЦТ і заканчваючы ўступнымі іспытамі і залічэннем абітурыентаў.
У 2019 годзе для ўдзелу ў ЦТ зарэгістравалася 25759 удзельнікаў тэсціравання, што на 3132 чалавекі менш, чым у мінулым годзе (у 2018 – 28891), прайшлі ЦТ 24649 чалавек (27541).
За парушэнне парадку правядзення ЦТ быў выдалены адзін абітурыент за пранос мабільнага тэлефона (у 2018 былі выдалены два чалавекі). Іншых парушэнняў не ўстаноўлена.
Іспыты па прадметах, якія не ўвахо-дзяць у ЦТ, праходзілі ва ўсіх вышэйшых навучальных установах вобласці, акрамя Віцебскага дзяржаўнага ордэна Дружбы народаў медыцынскага ўніверсітэта. У медуніверсітэт уступныя іспыты праводзіліся выключна на падставе сертыфікатаў ЦТ.
Падчас уступнага іспыту па біялогіі ў Віцебскай ордэна “Знак Пашаны” дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны была выдалена абітурыентка за выкарыстанне мабільнага тэлефона.
Усяго ў 2019 годзе ва ўступных іспытах на бюджэтную форму навучання ў 5 дзяржаўных ВНУ Віцебскай вобласці прынялі ўдзел 3357 абітурыентаў (пры плане набору 2035 чалавек). Сярэдні конкурс па ВНУ вобласці на поўны тэрмін навучання склаў 1,65 чалавека на месца (у 2018 – 1,52).
Найбольшы конкурс склаўся на наступных спецыяльнасцях: у Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя П. М. Машэрава – “правазнаўства” (12,7 чалавека на месца), Полацкім дзяржаўным універсітэце – “правазнаўства” (5,75), Віцебскім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце – “дызайн, віртуальнае асяроддзе” (4,3), Віцебскай ветакадэміі – “ветэрынарная санітарыя і экспертыза” (3,4), Віцебскім медуніверсітэце – “стаматалогія” (2,7).
Па выніках уступных іспытаў прыёмнымі камісіямі на дзённае аддзяленне (за кошт сродкаў бюджэту і на ўмовах аплаты) залічаны 2947 (2035 і 912) чалавек.
З агульнай колькасці залічаных на дзённае аддзяленне 274 абітурыенты з’яўляюцца медалістамі, 65 чалавек маюць дыплом з адзнакай. Па-за конкурсам на падставе льгот залічаны 42 абітурыенты, без уступных іспытаў – 81.
Закончылі ўстановы агульнай сярэдняй адукцыі, размешчаныя ў гарадах, 2346 чалавек, у сельскай мясцовасці – 321, маюць сярэднюю спецыяльную адукацыю 203 чалавекі, прафесійна-тэхнічную – 49. Таксама залічаны 36 замежных грамадзян.
У цэлым уступныя іспыты ва ўсіх вышэйшых навучальных установах Віцебскй вобласці праведзены ва ўмовах спрыяльнага маральна-псіхалагічнага клімату. Дасягнута галоўная мэта дзейнасці абласной камісіі і камісіі навучальных устаноў – забяспечаны роўныя магчымасці грамадзян пры паступленні ў ВНУ рэгіёна, а таксама абарона іх законных правоў і інтарэсаў.
Падрыхтавала Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў №67 ад 27.08.2019 г.