Бяспека дзяцей – у руках дарослых
Траўматызм сярод дзяцей – праблема ва ўсім свеце. На дзіцячы ўзрост прыпадае 25% усіх пашкоджанняў і траўмаў, якія атрымлівае чалавецтва. Найбольшую колькасць траўмаў атрымліваюць хлопчыкі. Яны ў 2-3 разы траўміруюцца часцей, чым дзяўчынкі.
У раннім дзіцячым узросце ў асноўным маюць месца бытавыя траўмы. Найбольш часта здараюцца апёкі (35%) і пераломы (14%), г.зн. амаль палова выпадкаў адносіцца да ліку сур’ёзных пашкоджанняў. Прычынай узнікнення апёкаў могуць быць гарачыя прадметы і посуд з гарачай вадкасцю, пакінутыя каля дзіцяці, дрэнны стан электраправодкі. Пераломы часцей за ўсё звязаны з падзеннем з ложка, недаглядам з боку бацькоў.
З пачатку гэтага года работнікі раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь правялі 6 праверак па фактах траўміравання дзяцей ва ўзросце ад аднаго да дзесяці год. У трох выпадках траўмы атрыманы падчас гульняў, у астатніх дзеці атрымалі апёкі па месцы жыхарства. Па выніках праверак былі прыняты рашэнні аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальных спраў.
Асноўная адказнасць за траўмы ў быце ляжыць на бацьках. Арганізацыя догляду за дзецьмі, асцярожнасць, адказнасць, самадысцыпліна павінны адыгрываць вядучую ролю ў захаванні і ўмацаванні здароўя дзіцяці, папярэджанні небяспечных сітуацый.
Для таго, каб папярэдзіць траўматызм, бацькі павінны стварыць для дзіцяці бяспечнае асяроддзе. Вось пра што павінны паклапаціцца дарослыя:
у доме варта ліквідаваць нагрувашчванне мэблі, замацаваць люстры, кніжныя паліцы, карціны, схаваць батарэі цэнтральнага ацяплення, выключыць магчымасць кантакту дзіцяці з электраразеткамі, аголенымі правадамі;
не пакідаць адкрытымі вокны і балконныя дзверы;
сачыць за тым, каб падчас прыёму гарачай вадкай ежы дзеці не перакульвалі на сябе кубкі, талеркі і г.д.;
з асцярожнасцю пераносіць посуд з гарачай вадкасцю ў месцах кватэры (ці дзіцячых устаноў), дзе раптоўна могуць з’явіцца дзеці;
нельга падкідваць дзіцяці высока ўверх, яно можа стукнуцца галавой аб столь або люстру або ўпасці міма рук і стукнуцца аб падлогу або зямлю;
небяспечна пакідаць малога на канапе ці на неабгароджаным ложку, ставіць побач з яго ложкам электранагравальныя прыборы;
запалкі павінны захоўвацца ў недаступным месцы;
хімічныя апёкі часцей за ўсё здараюцца ад воцатнай эсэнцыі. Аднаго глытка гэтай вадкасці дастаткова, каб атрымаць цяжкія апёкі глоткі, гартані, страўніка;
непрыбраныя лекі могуць стаць прычынай цяжкага атручвання малога, якога прыцягваюць яркія этыкеткі і рознакаляровыя таблеткі. Важна ведаць, што бяспечных лекаў для дзяцей не існуе!
на празрыстае шкло дзвярэй варта наклеіць якую-небудзь яркую карцінку, каляндар або нават некалькі палосак белай паперы;
ніколі нельга пакідаць маленькае дзіця сам-насам з жывёламі;
на пляцоўцы, дзе гуляюць дзеці, не павінна быць бітага шкла, цвікоў, скрынь і г. д.;
у летні перыяд варта звяртаць асаблівую ўвагу на папярэджанне няшчасных выпадкаў на вадзе, атручванняў раслінамі, ягадамі, грыбамі.
І яшчэ. Вельмі важны асабісты прыклад паводзін бацькоў на вуліцы, у транспарце, дома. Паважаныя дарослыя, будзьце станоўчым прыкладам для сваіх дзяцей!
Віктар ШЫШКОВІЧ,
начальнік раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь.
Надрукавана ў №65 ад 20.08.2019 г.