Пра здарэнні ў раёне расказаў намеснік начальніка РАУС Аляксандр Шумінскі.
Пагроза забойствам
Узбуджана крымінальная справа супраць жыхара в. Мішкавічы, які, пагражаючы забойствам сваёй жонцы, нанёс ёй 2 удары шкляной бутэлькай па галаве, гарлавінай ад разбітай бутэлькі – удары у грудную клетку. Максімальнае пакаранне, якое пагражае ліхадзею, – пазбаўленне волі да 2 гадоў.
Цяжкія цялесныя
Жыхар в. Юрцава Аршанскага раёна, які прыехаў у Шуміліна да знаёмых, стаў ініцыятарам бойкі на вуліцы Сіпко ў райцэнтры. Невядома чаго ён накінуўся на свайго знаёмага з Аршанскага раёна і нанёс некалькі ўдараў рукамі і нагамі. За прычыненне цяжкіх цялесных пашкоджанняў узбуджана крымінальная справа. Супрацоўнікі РАУС высвятляюць падрабязнасці здарэння.
Са зводак ДАІ
“Гоншчыца”
Калегі з Ушацкага раёна паведамілі супрацоўнікам Шумілінскай дзяржаўтаінспекцыі, што ў накірунку Шуміліна на “Мерседэсе” рухаецца жыхарка Віцебска, якая здзейсніла ДТЗ і з’ехала з месца здарэння. Патрабаванне інспектараў дарожна-патрульнай службы “гоншчыца” праігнаравала. Пры гэтым на тэрыторыі нашага раёна яна тройчы парушыла правілы абгону, праехала на забараняючае чырвонае святло святлафора, не ўступіла дарогу пешаходу на нерэгулюемым пераходзе, чым стварыла на дарозе аварыйную абстаноўку. Жанчына з прыкметамі алкагольнага ап’янення была затрымана на вуліцы Цітова ў Віцебску. На парушальніцу складзена 7 адміністрацыйных пратаколаў, накладзены штраф у памеры 100 БВ. Жанчына пазбаўлена права кіраваць транспартнымі сродкамі на 5 гадоў.
Нецвярозы
На вуліцы Лясной у Мікалаеве супрацоўнікі ДАІ прыпынілі жыхара Кардона на “Жыгулях”, каб праверыць дакументы. Высветлілася, што вадзіцель знаходзіцца ў стане алкагольнага ап’янення. Яму пагражае штраф ад 50 да 100 БВ і пазбаўленне права кіраваць транспартнымі сродкамі на тры гады.
На мотаблоку
На вуліцы Суворава ў Шуміліне быў прыпынены жыхар раёна, які кіраваў мотаблокам у стане алкагольнага ап’янення. Як высветлілася, мужчына на працягу года прыцягваўся да адказнасці за тое, што ў нецвярозым стане кіраваў транспартным сродкам. Будучы пазбаўленым правоў кіравання, мужчына не ўзяўся за розум. Цяпер яму пагражае крымінальная адказнасць па арт. 317-1 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (максімальнае пакаранне – пазбаўленне волі да 2 гадоў) і канфіскацыя транспартнага сродку ў даход дзяржавы.
Падрыхтавала Людміла ЗУЙКОВА.
Надрукавана ў №65 ад 20.08.2019 г.