Сельская молодёжь. Как сделать престижной жизнь в деревне

Актуалии Молодёжь Сельское хозяйство

Каб жыццё ў вёсцы набыло статус прэстыжу. Гэта рэальна?
Моладзь і вёска. Тэму можна абазначыць тым жа каэфіцыентам значнасці, калі б гаворка ішла пра жыццё і перспектывы вёскі наогул. Ці стане прэтэндаваць вёска на бурлівае жыццё, на будучае, калі ў маладых людзей няма ні нагод, ні магчымасцяў праявіць там свае абсалютна натуральныя, прадугледжаныя жыццём якасці, задаволіць патрэбы? Наўрад ці. Таму дзяржавай і ствараюцца праграмы па падтрымцы моладзі, улады на ўсіх узроўнях азадачаны праблемамі маладых.
Начальнік аддзела па справах моладзі райвыканкама Марына Ганчарова вырашыла ўзяць Дабейскі сельсавет за прыклад у гэтай рабоце. Там жыве амаль 300 маладых, тыя, каму ад 14 да 31 года. Арганізацыяй іх жыцця, выхаваннем, прафесійнай арыентацыяй, вольным часам і іншым займаюцца ўсе, пачынаючы ад школ да сельвыканкама. Нешта атрымліваецца, іншае – не вельмі.
Ганчарова М. Я.:
— Так, маладых у вёсцы зусім не шмат. У сельсавеце трыццаць вёсак і ад агульнай колькасці жыхароў, што пражываюць там, моладзь забірае сабе ўсяго 16%, калі быць дакладнай. Але тым не менш, ад планавання, наладжвання і ўдасканалення работы менавіта з гэтай катэгорыяй грамадзян залежыць многае. Сельвыканкам, прадпрыемствы, установы культуры і адукацыі азадачаны тым, каб маладым у вёсцы было камфортна, цікава, каб як мага болей іх абралі вёску месцам жыцця, свайго і сваіх дзяцей.
З мэтай прыцягнення і замацавання маладых кадраў на вытворчасці, сацыяльнай абароны моладзі, стварэння неабходных прававых, эканамічных, бытавых умоў для прафесійнага станаўлення маладых работнікаў, садзейнічання іх культурнаму і фізічнаму развіццю ў калектыўных дагаворах арганізацый і прадпрыемстваў  прапісаны раздзел “Сацыяльная падтрымка моладзі”. Ён прадугледжвае наступнае: пазачарговае выдзяленне службовага жылля; аплату працы, прадугледжаную пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь; выплату пад’ёмных у памеры 20-ці базавых велічынь; даплаты ў памеры адной тарыфнай стаўкі першага разраду на працягу першых двух гадоў працы; узнагароджванне работніка пры адпраўленні ў армію і матэрыяльная дапамога – пры вяртанні; выдзяленне грошай на арэнду жылля маладым спецыялістам. Гэта істотная падтрымка маладым на першых парах, што дазваляе ім не разгубіцца ў пачатку самастойнага жыцця.
На тэрыторыі дадзенага канкрэтнага сельсавета жыве 26 маладых сем’яў, якім прадастаўлены дамы прысядзібнага тыпу і ведамасныя кватэры (Амбросавічы, Дабея, Вялікія Ляжні).
Натуральна, што вясковая моладзь занятая ў асноўным у сельскай гаспадарцы. І тут неабходна зрабіць усё магчымае, па-першае, каб яны не расчараваліся ў рабоце і не з’ехалі шукаць лепшага і, па-другое, каб пастаянна раслі прафесійна, не спыняліся на месцы. Лагічна, што ў гэтым найперш павінны быць зацікаўлены самі сельскагаспадарчыя прадпрыемствы, кіраўнікі, у прыватнасці. Таму цяжка патлумачыць, да прыкладу, чаму сёлета на раённы конкурс сярод маладых механізатараў ніводнае сельскагаспадарчае прадпрыемства, што знаходзіцца на тэрыторыі Дабейскага сельсавета, не накіравала сваіх маладых. Няўжо сярод 27 чалавек у ААТ “Прыазёрны мір”, 10 – у ААТ “Ляжні” і 17 на льнозаводзе не знайшлося добрых механізатараў, маладых і амбіцыйных? Хочацца ў гэтым усумніцца. Не бачна было маладых з Дабейскага сельсавета сёлета і на раённай спартакіядзе сельскіх жыхароў і на раённым турзлёце. Бадай, толькі маладыя аператары машыннага даення скарысталі шанс праявіць свае здольнасці ў справе. У той жа час на кожным з дадзеных прадпрыемстваў назначаны адказныя за работу з моладдзю.
Але, вядома, гаварыць хочацца больш пра дасягненні. На тэрыторыі Дабейскага сельсавета дзейнічае дабравольная народная дружына, у склад якой уваходзяць і маладыя людзі. Дык вось, маладзёжны атрад аховы правапарадку, у склад якога ўваходзіць і Яўген Кузняцоў (ААТ “Прыазёрны мір”), у верасні прымаў удзел у абласной спартакіядзе дабравольных дружын. Радасна, што каманда нашага раёна заняла першае месца. Дужа хочацца, каб такіх нагод для радасці было болей.
Чатыры пярвічкі ГА БРСМ, якія створаны на тэрыторыі сельсавета, аб’ядналі больш за сорак чалавек. На іх рахунку ўдзел у самых разнастайных мерапрыемствах. Маладыя не застаюцца ў баку ад удзелу ў добраўпарадкаванні населеных пунктаў, культурна-гістарычных аб’ектаў. Імі былі пералічаны грошы на рэканструкцыю мемарыяльнага комплексу “Буйніцкае поле”, будаўніцтва музея Вялікай Айчыннай вайны”. Маладыя ў вёсках ходзяць на дыскатэкі, наведваюць бібліятэкі, удзельнічаць у жыцці сваіх вёсак і наогул раёна.
Канешне, мы сёння не можам пахваліцца вялікімі поспехамі ў замацаванні маладых людзей у вёсцы, усур’ёз хвалюе праблема распаўсюджання курэння і алкагалізму сярод моладзі, не ў кожнай вёсцы ёсць магчымасць наведваць спартыўную залу. Над гэтымі і многімі іншымі праблемамі і належыць надзвычай сур’ёзна працаваць сёння, каб заўтра не прыйшлося канстатаваць, што вёска аджыла сваё. І не толькі канкрэтная, а, можа, і наогул…
Падрыхтавала Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №86 ад 09.11.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *