Што прапануе райцэнтр школьнікам?
Ці можна падрыхтавацца да школы ў райцэнтры, не выязджаючы ў горад, які школьны асартымент прапануюць нашы мясцовыя гандляры, высвятлялі на гэтым тыдні галоўны спецыяліст аддзела эканомікі райвыканкама Алена Калеснікава і адказны сакратар раённай газеты. Часу да 1 верасня засталося не так і многа – пару тыдняў – таму набыццё сшыткаў, дзённікаў, рукзакоў і іншых аксесуараў адкладваць далей няма сэнсу. За некалькі гадзін мы абышлі ўсе кропкі, якія, на наш погляд, могуць гандляваць школьнымі таварамі і вывучылі дакладны асартымент, таму можам падзяліцца з чытачамі адрасамі.
На нашым маршруце аказаліся “Фота+” (ІП Сталярова С.), “Ёршык” (ІП Барадзюля А.), “Клубок” (ІП Сімановіч Л.), былы ўнівермаг (“Веркастра”), “Каблучок” і “Сундучок” (ІП Казлоўскі А.), рынак на другім паверсе ўнівермага і рынак “Прывакзальны”, магазіны “Юліна” (“Юліна-гандаль”), “8 Сакавіка” (“Карына-гандаль”), “Шанс” (ІП Антоненка І.), “Мара” (ІП Новак А.), “Метан” (“Віцебскаблгаз”) і “Удача” (ІП Цімашэнка В.). Здаецца, нічога не прапусцілі?
Якія вынікі мы зрабілі? Адзінагалосна сышліся на думцы, што тэарэтычна поўнасцю падрыхтавацца да школы можна ў былым універмагу. Падкрэслім, тэарэтычна. Калі пашанцуе з памерамі, задаволяць кошт, фасон і якасць. Тут прадстаўлены поўны асартымент канцылярскіх тавараў як для дашкольнікаў, так і дзяцей школьнага ўзросту. У продажы няшмат рукзакоў, дзявочыя сукенкі, спадніцы і блузкі, хлапечыя кашулі, штаны, ніжняя бялізна, спартыўныя касцюмы, спартыўны абутак, туфлі, панчошна-шкарпэткавыя вырабы. Тут прадстаўлены тавар пераважна айчынных вытворцаў. У бліжэйшы час, паабяцалі прадаўцы, будуць аб’яўлены скідкі, так што можна прымервацца.
Багаты асартымент адзення, абутку і рукзакоў прапануюць “Каблучок” і “Сундучок”. Пра гэтыя аб’екты падрабязна мы пісалі ў газеце, таму спыняцца яшчэ раз не мае сэнсу. А вось наведаць магазіны рэкамендуем. Індывідуальны падыход, разнастайнасць і скідкі гаспадар гарантуе.
Тое-сёе з адзення і абутку, пераважна для школьнікаў пачатковых класаў (і дзяўчат, і хлопцаў), можна па-глядзець на крытых рынках. Ёсць па некалькі пазіцый блузак, кашуль, спадніц, касцюмаў, гольфікаў, спартыўнага адзення, курткі-вятроўкі. Па словах саміх гандляроў, акцэнт на школьным асартыменце яны ў апошні час не робяць у сувязі з адсутнасцю попыту.
Фірменны магазін “8 Сакавіка” можа прапанаваць дзяўчатам і хлопцам ніжнюю бялізну, майкі, футболкі, трыко, спартыўныя штаны, джэмперкі, жакеты, фуфайкі, гольфікі, панчошна-шкарпэткавыя вырабы. Шкарпэткі і калготкі ёсць у продажы таксама ў “Шансе”, “Ёршыку”, “Клубку” і “Юліне”.
Не павінна ўзнікнуць ніякіх праблем з набыццём канцылярскіх тавараў. Практычна ва ўсіх гандлёвых кропках выбар ёсць. Нават самы прыдзірлівы пакупнік знойдзе для сябе сшыткі самых розных памераў і дызайну, альбомы, фарбы, алоўкі з ручкамі, дзённікі, абгорткі на сшыткі і падручнікі, лінейкі, пластылін, пеналы і г. д. Ну хіба што запатрабуе сын ці дачка што-небудзь такое, што і самі не ведаюць! Як запэўнілі гаспадары “Фота+”, “Ёршыка” і “Клубка”, яны гатовы выканаць любы запыт бацькоў і дзяцей і маюць у наяўнасці ўвесь неабходны школьны і дашкольны пералік канцыляркі. І ўжо не адзін спіс задаволілі. Дарэчы, “Фота+” і “Клубок” прапануюць скідкі мнагадзетным сем’ям.
Праўда, многія гандляры адзначаюць, што пакуль што ніякага “першавераснёўскага” ажыятажу не назіраецца. Напэўна, нашы людзі набылі ўсё неабходнае загадзя, у іншых населеных пунктах, скажам, у Віцебску ці Полацку. Ці заказалі школьныя тавары праз інтэрнэт-магазіны. Ведаю, што многія бацькі зараз вельмі актыўна выкарыстоўваюць такія сучасныя магчымасці.
Калі ж некаторыя адкладваюць гэтае “задавальненне” да апошніх дзён, ёсць шанс трапіць на пашыраныя школьныя кірмашы з удзелам шматлікіх арганізацый прамысловасці, гандлю і прыватнага бізнесу. Па словах Алены Калеснікавай, 24 жніўня такія кірмашы пройдуць у Віцебску, Полацку і Наваполацку.
Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў №64 ад 16.08.2019 г.