Наша топонимика. Про Ляды, Лежни и Осиновые Острова

Актуалии Край шумілінскі

Пра Ляды, Ляжні і Асінавыя Астравы
(Заканчэнне)
Існуюць айконімы, якія характарызуюць межы паміж рознымі гаспадаркамі. Сярод такіх можна адзначыць назву в. Мяжа. Да падобных назваў можна аднесці назву в. Язвіна. Гэты тапонім ілюструе старажытную традыцыю агарожваць сваю ўласнасць, бо ў аснову назвы населенага пункта пакладзена славянскае слова “яз” – пляцень, плёт.
Для сельскай грамады, асноўным заняткам якой была апрацоўка зямлі, важным фактарам з’яўлялась якасць глебы. Дадзеная з’ява атрымала адлюстраванне ў тапаніміцы, дзе вылучаецца асобная група назваў, якія характарызуюць якасць глебы. Да такіх айконімаў можна аднесці назвы вёсак Слудашы, Глінкава, Гліннае, Глінішча. У першым выпадку назва паходзіць ад характарыстыкі прыродных умоў. “Слудаш” – гэта частка сушы, акружаная вадой. У дадзеным выпадку паселішча знаходзіца на беразе р.Заходняй Дзвіны.
Аб асаблівасцях глебы сведчаць назвы накшталт Гліннае, Добрына, Мосар. Калі ў першым выпадку сэнс назвы зразумелы, то ў дачыненні паходжання назвы в. Добрына існуе некалькі версій. Згодна першай назва паходзіць ад якасці глебы, якая ўлічвалася пры ўвядзенні нормы павіннасці з той ці іншай валокі. Зыходзячы з гэтага, час узнікнення назвы адносяць да рэформы Жыгімонта ІІ Аўгуста. У другім выпадку матывацыяй для ўзнікнення назвы паслужыла ўласнае прозвішча або імя – Добр. Звяртаючы ўвагу на словаўтваральную мадэль назвы “Добрына”, можна убачыць прыналежнасць дадзенага паселішча да асобы.
Таксама даволі старажытнай з’яўляецца назва паселішча Мосар (сучасная в. Мосарава). Першая ўзгадка аб населеным пункце датуецца 1558г. Паходжанне назвы звязана са словам “мосар”, якая ў старарускай мове мае значэнне “сырасць”. Сярод паселішчаў, утвораных на забалочанай глебе, можна таксама ўзгадаць вёсак Балотнікі, Макракі.
Такім чынам, мы разглядзелі назвы якія адлюстроўваюць аграрны бок жыцця нашых прадзедаў. Аднак гэта толькі малая частка назваў населеных пунктаў з агульнай колькасці сучасных вёсак і старадаўніх паселішчаў.
Сярод самых старажытных відаў паселішчаў можна назваць гарадзішчы. Гэта старажытныя ўмацаваныя і моцна абароненыя паселішчы. Самымі распаўсюджаным назвамі гарадзішчаў з’яўляюцца Гарадок, Гарадзішча, Гарадзец. Адпаведныя назвы можна знайсці ў тапаніміі Шуміліншчыны ХІХ – ХХІ стст.: вёскі Гародна, Гарадзішча, хутары Гарадзец, Гарадзішнае.
У сэнсавым плане гэтыя назвы вёсак змыкаюца са словам “горад” (ст.-слав. “градъ”, літ. “gardas” –  “агароджа”; ст.-інд. “grhas” — “дом”) і азначае агароджанае, умацаванае паселішча.
Як вядома, фармант “-ішчэ (-ышчэ/ышча)” указвае на астаткавасць пэўнага аб’екту. Таму назва з дадзеным канчаткам гаворыць аб заснаванні населенага пункта на месцы зніклага старажытнага паселішча – гарадзішча. У большасці выпадкаў вёскі, якія маюць назвы з асновай “горад” суседнічаюць з адпаведнымі археалагічнымі аб’ектамі.
У айканіміі Шуміліншчыны шырока прадстаўлены назвы, ў аснове якіх пакладзены старажытны тэрмін “дварэц”: Дворышча, Дварэц. Першапачаткова дворышча было вядома як старажытная форма патрыярхальнай гаспадаркі. Асновай з’яўлялась вялікая патрыярхальная сям’я або сямейна-родавая абшчына. Усе члены дворышча жылі ў адным паселішчы, сумесна апрацоўвалі зямлю і вялі гаспадарку. Паступова ў працэсе разлажэння вялікая сям’я распалась на малыя роднасныя группы, кожная з якіх жыла асобна, аднак зямля і гаспадарка па ранейшаму належыла саюзу малых семьяў. У другой палове XVI ст. сялянская абшчына знаходзілася ў глыбокім распадзе і захоўвалась пераважна ў перажыткавых формах. Гэтаму перш за ўсё спрыяла рэформа “Устава на валокі” 1557 г., паводле якой зямля абшчынных сёлаў і дворышчаў была падзелена на валокі і перададзена ў індывідуальную ўласнасць.
У выніку рэформы шматлікія дворышчы зніклі, а на іх месцы былі заснаваны памешчыцкія двары. У іншым выпадку дворышчам называлі кавалкі зямлі, якія спачатку апрацоўвалісь, пасля адбывалася перасялення туды селяніна, такім чынам, пераўтвараючыся ў аселыя землі. Гэта адлюстраванне працэса ўзнікння хутарскіх гаспадарак з аднаго–двух двароў. Такім чынам можна заўважыць, што тэрмін тыпу “дворышча” мае некалькі значэнняў:1) сямейна-родавае паселішча; 2) двор-сядзіба феадала; 3) зямельны надзел.
Двор – агульнаславянскае слова, якое ўжо ў Х ст. было вядома ў значэнні  “жыллё”, “сядзіба”, “дом”, а ў ХІ – ХІІ ст. як уладанне князя з маёмасцю і чэлядзю. У наступны перыяд тэрмін успрымаеца пераважна як комплекс жыллёвых і гаспадарчых пабудоў з зямельнымі ўгодзямі, сядзіба. На ўсходнеславянскіх землях “двор” набывае асаблівую папулярнасць з развіццём феадальнага землеўладання, калі гаспадарчы цэнтр кіравання буйнога паселішча пераносіцца ў сядзібы-асабнякі. Двор засноўваўся ў любым выгадным месцы, нават на землях сялянскіх паселішчаў. Большасць назваў тыпу “Двор”, “Новы Двор” ўзніклі ў перыяд росквіту памешчыцкай і шляхецкай гаспадаркі ( 2-я п XVI – 1 п. XVIІст.), калі дваравыя гаспадаркі актыўна ўцягваліся ў сферу гандлёвага капіталу і падпадалі пад непасрэдны ўплыў польскай сістэмы гаспадаркі.
Паселішчы з назвай Слабада лакалізаваны пераважна ў паўночна-ўсходніх і цэнтральных раёнах Беларусі. Назва ўтворана на базе характэрнага для ўсходнеславянскіх моў слова “слабада”. “Волей”, або “слабадой” ў XV- XVII ст. называлі пасёлкі на нераспрацаваных лясных дзялянках, “на сыром корню”. У іх сялілісь “вольнікі”, “слабодзічы”, якія ў адрозненні ад цяглых людзей, на пэўны тэрмін карысталіся ільготамі ад подацей і службаў. Аднак пачынаючы з XVІ ст., “слабоды” губляюць свае прывелігаваныя становішчы і перастаюць існаваць як тып паселішча. Такім чынам пераходзяць у разрад звычайных вёсак.
Яшчэ адным відам старажытнага паселішча з’яўляецца сяло. У тапаніміі Шуміліншчыны гэты тып паселішча адлюстраваны ў назвах вёсак Крывое Сяло, Новае Сяло, Навасёлкі, Навасёлак. Сяло – агульнаславянскае слова адзін з найстаражытнейшых тэрмінаў, які ўжо на ранніх стадыях свайго ўжывання служыў назвай розных паселішчаў.
У дачыненні да канкрэтных вёсак дадатак Крывое і Новае з’яўляецца ўласнай характарыстыкай паселішча. У першым выпадку характарызуеца яго выгляд – не лінейнае размяшчэнне вуліц. У выніку збяднення глебы лясныя сёлы перыядычна пераносіліся на новае месца. Тыя якія засноўваліся на “нові”, называліся Новае Сяло. Таксама дадзеную назву маглі надаваць выселкам і хутарам, якія вылучаліся са складу карэнных абшчынных сёл. Гэтым жа тлумачыцца з’яўленне назваў Навасёлкі – месца куда перасяліліся, паселішча на новым месцы.
Так мы бачым, што простыя назвы з’яўляюцца самымі старажытнымі і багатымі на гістарычны лёс. Любіце і вывучайце свой край!
Варвара Езавітава



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *