Пра здарэнні ў раёне расказаў намеснік начальніка РАУС Аляксандр Шумінскі.
Спроба крадзяжу
У раённы аддзел унутраных спраў патэлефанаваў жыхар Обалі і расказаў, што, прачнуўшыся а першай гадзіне ночы, ён убачыў праз акно чужых людзей ля свайго гаража. Гаспадар з ломам у руках выйшаў на вуліцу і не паверыў сваім вачам: дошкі ад сцяны гаража адарваныя, а ўнутры двое злодзеяў. Мужчына тэрмінова паведаміў пра здарэнне ў міліцыю. Пакуль прыехалі супрацоўнікі РАУС, ліхадзеі (абодва жыхары Аршаншчыны) паспелі збегчы, але па гарачых слядах былі знойдзены. Хаця злодзеі не паспелі нічога ўкрасці, супраць іх будзе ўзбуджана крымінальная справа за пранікненне ў чужы гараж і спробу крадзяжу.
Бензапіла, пральная машына
Пацярпеў жыхар аг. Мішневічы: у яго доме нехта разбіў аконнае шкло і пранік у памяшканне. З пакоя прапалі дываны, бензапіла, пральная машына, алюмініевыя катлы, тэлефонны апарат, сякеры. Агульны ўрон склаў 315 рублёў. Злодзеі вышукваюцца.
Снарад
Жыхар в. Будзілава Бешанковіц-кага раёна паведаміў у міліцыю, што ля моста аўтадарогі Гарадок-Полацк (ля Сіроціна) ён знайшоў снарад часоў вайны. З Віцебска была выклікана сапёрная група, якая снарад абясшкодзіла і знішчыла.
Пакалечылася
З цэнтральнай раённай бальніцы патэлефанавалі ў міліцыю і расказалі, што хуткая медыцынская дапамога даставіла на лячэнне жыхарку аг. Башні з траўмай чэрапа. Супрацоўнікі РАУС устанавілі, што жанчына пакалечылася сама: упала, калі ехала на электрасамакаце, ударылася галавой аб асфальт. Для далейшага лячэння пацярпелая дастаўлена ў абласную клінічную бальніцу.
На мосце
Жыхар Шуміліна, які на “Рэно” адправіўся ў абласны цэнтр, парушыў правілы дарожнага руху на Кіраўскім мосце. Мужчына не выбраў бяспечную дыстанцыю да аўтамабіля “Пежо”, які рухаўся ўперадзе, і сутыкнуўся з ім. Абедзве машыны пашкоджаны. Парушальніку пагражае штраф ад 1 да 5 БВ.
Аварыйная сітуацыя
У аг. Мікіціха мясцовы жыхар, які ехаў на “Маздзе”, пры павароце направа не прапусціў веласіпедыста. Гэтым самым стварыў аварыйную сітуацыю на дарозе. Парушальніку пагражае штраф ад 5 да 20 БВ з пазбаўленнем правоў кіравання да 2 гадоў або без пазбаўлення.
Пешаход
Жыхар в. Дубрава ў стане алкагольнага ап’янення ішоў ў Мікіцісе не па тратуары, а па праезнай частцы. На мужчыну складзены адміністрацыйны пратакол, пагражае штраф ад 2 да 5 БВ.