Парады бацькам
Няхай і жнівень будзе бяспечным!
Наперадзе ў дзяцей яшчэ цэлы месяц канікулаў. Многія дарослыя таксама ў водпуску. І зараз самы час паўтарыць усім разам правілы бяспечных паводзін на вадаёмах, у лясах, на прыдамавых тэрыторыях.
Вялікая просьба да дарослых яшчэ раз нагадаць дзецям пра небяспеку гульняў з запалкамі (лепшы варыянт – захоўваць іх у недаступных месцах), не дазваляць карыстацца газавымі прыборамі, паўтарыць нумары тэлефонаў экстраных службаў.
Агарадзіце ўчасткі, калі вы нешта будуеце ці рамантуеце. Інструменты і матэрыялы прыбірайце ў недаступныя для дзяцей месцы, дастаючы іх па меры неабходнасці. Тлумачце дзецям, што гульні на будоўлях небяспечныя.
Не адпускайце дзіця купацца аднаго. Заўсёды кантралюйце сітуацыю. Будзьце ўдвая пільнымі, калі сын ці дачка плаваюць з надзіманым кругам. Не дазваляйце купацца больш за 10 хвілін, ныраць у незнаёмых месцах, свавольнічаць на ва-дзе.
Вёска і лета – гэта не толькі адпачынак, але і догляд за садам і агародам. Калі вы апрацавалі садавіну ці гародніну хімікатамі, абавязкова засцеражыце тэрыторыю якой-небудзь агароджай і растлумачце дзіцяці, што заходзіць туды забаронена, а тым больш зрываць і спрабаваць на смак усё тое, што зелянее, жаўцее ці чырванее на агародзе.
Прыбярыце лекі і хімічныя рэчывы, неабходныя як для сада-агарода, так і для бытавых патрэб, у недаступныя месцы.
Паклапаціцеся пра тое, каб на ўчастку не было ядавітых раслін. Калі непадалёк знаходзіцца лес, пакажыце і раскажыце дзіцяці, якія расліны і ягады нельга чапаць і тым больш іх есці.
Не падпускайце дзяцей да мангала ў час прыгатавання шашлыкоў. Гэта можа скончыцца сёр’ёзнымі апёкамі.
Усе ёмістасці з вадкасцю, размешчаныя на тэрыторыі дачы ці прыватнага дома, павінны быць шчыльна і надзейна зачынены.
Цяжкія і вострыя інструменты (граблі, рыдлёўкі, лесвіцы) хавайце далей ад дзяцей.
Сачыце за тым, з кім і ў якія гульні гуляе ваша дзіця.
Нагадайце дзіцяці правілы дарожнага руху і агаварыце з ім, дзе яно будзе катацца на веласіпедзе.
Але, нягледзячы не рэкамендацыі і парады МНС, не пераўтварайце канікулы сваіх дзяцей у адно суцэльнае “нельга”… Проста будзьце пільнымі і сачыце за імі.
Няхай жнівень будзе бяспечным!
Вадзім ПІВАВАРАЎ,
інспектар групы прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю райаддзела па надзвычайных сітуацыях.