На заседании райисполкома обсуждались вопросы борьбы с коррупцией и правонарушениями

Актуалии Президент

Не дапусціць карупцыі, злачынстваў
31 кастрычніка адбылося пасяджэнне раённага выканаўчага камітэта, яго правёў кіраўнік раёна Вальдэмар Антонавіч Падляшчук.
Першым на парадак дня было вынесена пытанне аб папярэджанні карупцыі, прафілактыцы правапарушэнняў, умацаванні працоўнай дысцыпліны. Удзел у абмеркаванні гэтага пытання прынялі саветнік юстыцыі намеснік пракурора Віцебскай вобласці У. В. Шалухін і намеснік начальніка ўпраўлення ўнутраных спраў Віцебскага аблвыканкама начальнік міліцыі грамадскай бяспекі У. І. Папко.
Старшыня райвыканкама В. А. Падляшчук адзначыў важнасць прапанаванага на разгляд пытання, падкрэсліў, што гэта тэма пастаянна знаходзіцца ў полі зроку Прэзідэнта краіны, што ў Шумілінскім раёне работа ў гэтым накірунку будуецца ў адпаведнасці з Дзяржаўнай праграмай па барацьбе са злачыннасцю і карупцыяй.
Пракурор раёна Я. Ю. Гуляеў прааналізаваў работу адпаведных службаў раёна па папярэджанні карупцыі і іншых правапарушэнняў. Яўген Юр’евіч назваў гэтую работу недастаткова зладжанай і эфектыўнай.
Гэту выснову пацвярджае той факт, што за 9 месяцаў бягучага года ў раёне зарэгістраваны рост злачыннасці — 253 злачынствы па лініі ўсіх службаў (у 2010 годзе — 230). Са 167 у мінулым годзе да 179 сёлета ўзрасла колькасць злачынстваў па лініі крымінальнага вышуку.
Што датычыць карупцыйных злачынстваў, такіх за разглядаемы перыяд зарэгістравана 3 (за 9 месяцаў мінулага года — 9), прычынены страты на суму 37,5 мільёна рублёў. Але ўтрая меншая лічба карупцыйных злачынстваў сведчыць, на думку пракурора раёна, пра недастатковы ўзровень работы групы па барацьбе з эканамічнай злачыннасцю РАУС.
Я. Ю. Гуляеў выступіў супраць фармальнага падыходу ў рабоце па папярэджанні карупцыі, прафілактыцы правапарушэнняў, па ўмацаванні працоўнай дысцыпліны.  Ён заклікаў весці бескампрамісную барацьбу з п’янствам, асабліва на рабочых месцах, наогул, у абароне правапарадку дзейнічаць больш жорстка і прынцыпова.
Начальнік аддзела ўнутраных спраў райвыканкама В. В. Мядзвецкі адзначыў, што рост злачыннасці па лініі крымінальнага вышуку адбыўся з-за павелічэння колькасці крадзяжоў — са 128 у 2010 годзе да 143 у гэтым. У многіх выпадках, перакананы Вадзім Вадзімавіч, злачынствы не здарыліся б, калі б суб’екты гаспадарання ставіліся больш адказна да захавання сваёй маёмасці.
Начальнік РАУС адзначыў і той факт, што адбылося зніжэнне асабліва цяжкіх і цяжкіх злачынстваў — з 17 у 2010 годзе да 9 у бягучым. З пяці да двух знізілася колькасць наўмысных прычыненняў цяжкіх цялесных пашкоджанняў. Не дапушчана забойстваў і замахаў на гэты цяжкі від злачынстваў.
Гэтыя факты не маглі не дадаць аўтарытэту раённай міліцыі. І як падкрэсліў В. В. Мядзвецкі, па выніках пастаяннага маніторынгу аўтарытэт шумілінскай міліцыі расце.
Безумоўна, станоўчы вынік па прафілактыцы цяжкіх злачынстваў дасягнуты дзякуючы сумеснай рабоце супрацоўнікаў ад-дзела ўнутраных спраў і грамадскіх фарміраванняў. Значную ролю тут сыгралі і саветы грамадскіх пунктаў аховы парадку, і камісіі па барацьбе з п’янствам у працоўных калектывах.
Тым асяроддзем, якое спрыяе росту злачыннасці, з’яўляецца п’янства. Менавіта п’янства падштурхоўвае чалавека да крадзяжу, да скандалу, да таго, што развальваюцца сем’і і дзеці застаюцца сіротамі пры жывых бацьках. П’янства на рабочым месцы часта заканчваецца калецтвам, гібеллю людзей. П’яны ва-дзіцель ці пешаход стано-віцца прычынай дарожна-транспартнага здарэння, новых ахвяр. Таму сёння Дырэктыва Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №1 “Аб мерах па ўмацаванні грамадскай бяспекі і дысцыпліны” па-ранейшаму застаецца для ўсіх дакументам нумар адзін.
Так, многа робіцца па папярэджанні ганебных з’яў праваахоўнымі органамі і грамадскімі арганізацыямі. Але калі пад коламі гіне чалавек, калі бацькі мяняюць роднае дзіця на бутэльку, калі сын узнімае руку на маці, усёй гэтай работы будзе недастаткова.
Свае думкі па пытанні папярэджання карупцыі, прафілактыцы правапарушэнняў, умацавання працоўнай дысцыпліны выказалі старшыня Обальскага сельвыканкама М. А. Будневіч, намеснікі старшыні райвыканкама А. М. Зайцаў і В. В. Родзіч, а таксама саветнік юстыцыі намеснік пракурора Віцебскай вобласці У. В. Шалухін, намеснік начальніка УУС Віцебскага аблвыканкама начальнік міліцыі грамадскай бяспекі У. І. Папко.
Раённы выканаўчы камітэт прыняў па абмеркаванаму пытанню разгорнутае рашэнне, якое нацэльвае ўсе адказныя службы на канкрэтную больш выніковую работу.
На пасяджэнні райвыканкама было таксама абмеркавана выкананне асноўных параметраў сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна за студзень-верасень бягучага года, разгледжана арганізацыя работы з моладдзю на тэрыторыі Дабейскага сельсавета, іншыя пытанні.
Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў №85 ад 04.11.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *