Всё было бы хорошо. Но тут приехал ревизор…

Происшествия

«Пазычыла» 23 тысячы рублёў

Грамадзянка Н. на працягу дзевяці месяцаў выконвала абавязкі галоўнага бухгалтара ў адным з сельгаспрадпрыемстваў раёна. Да таго часу яна працавала касірам, нараканняў на работу не ўзнікала – гэта, відаць, і стала прычынай таго, што  кіраўніцтва прызначыла яе на такую адказную пасаду. Адзначым, што Н. сумяшчала дзве матэрыяльна адказныя пасады – галоўнага бухгалтара і касіра.
Усё было б добра для жанчыны, калі б не рэвізія ў гаспадарцы. Менавіта рэвізоры знайшлі недастачу ў 23 тысячы рублёў. «Пасля выяўлення недастачы быў прызначаны шэраг экспертыз, – расказвае старшы следчы раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь Сяргей Лазоўскі. – Відавочна, што проста так грошы знікнуць не маглі. Гэта ўжо было падставай для ўзбуджэння крымінальнай справы па ч. 4 арт. 211 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь “Прысваенне ці растрата ў асабліва буйных памерах”. Санкцыі па гэтым артыкуле прадугледжваюць да 12 год пазбаўлення свабоды з канфіскацыяй маёмасці і забарону займаць матэрыяльна адказныя пасады на пэўны тэрмін».
Пасля ўзбуджэння крымінальнай справы галоўнай падазраванай стала Н. Жанчына і не стала аспрэчваць сваю віну. Яна прызналася, што ўзяла з касы грошы і падрабіла дакументы. Прычыну свайго ўчынку патлумачыла наступным чынам: «Былі праблемы ў сям’і. Вельмі моцна пасварылася са сваім мужам і хацела ад яго з’ехаць. За грошы, што два разы брала ў касе, думала набыць дом у Шуміліне».
Муж і жонка памірыліся, але вяртаць грошы ў касу Н. не збіралася. Тым больш што ўжо і дакументы на выдачу і атрыманне грашовых сродкаў падрабіла. А ў шчаслівай сям’і неўзабаве з’явіліся новая тэхніка і мэбля.
«Следства ў адносінах да грамадзянкі Н. працягваецца, – адзначае Сяргей Лазоўскі. – У тым ліку правяраецца і яе магчымая датычнасць да здзяйснення іншых незаконных дзеянняў».
Алесь САКАЛОЎ.
Надрукавана ў №55 ад 16.07.2019 г.