Удзельнікі танцавальнага калектыву «Вясёлка» з раённага цэнтра дзяцей і моладзі нават на канікулах не сядзяць дома. Так, нядаўна яны бралі ўдзел у адкрытым рэспубліканскім творчым конкурсе «Поспех», які праходзіў у Магілёве.
Высокі ўзровень самадзейных артыстаў, моцныя выступленні творчых калектываў з усёй рэспублікі стваралі атмасферу канкурэнцыі. Але «Вясёлка» скарыла гледачоў і журы танцам «Недзе на Дзікім Захадзе». Журы адзначыла харэаграфічнае майстэрства калектыву, арыгінальнасць пастаноўкі і непаўторнасць выканання. Дзеці, а ўсе яны вучні 3 “А” класа СШ №1, прывезлі дамоў дыплом III ступені ў намінацыі «Эстрадны танец» ва ўзроставай катэгорыі 8-13 год.
А тыднем раней ў тым жа Магілёве самыя юныя ўдзельнікі калектыву (5-6 год) спрабавалі свае сілы ў III Міжнародным конкурсе мастацтваў для дзяцей і падлеткаў «Art Kids». За танец «Каляровыя гарошыны» шумілінская «Вясёлка» атрымала дыплом III ступені ў намінацыі «Эстрадны танец» ва ўзроставай катэгорыі да 9 год.
Адзначым, што гэтыя поспехі танцораў з’яўляюцца заслужанай узнагародай для педагога Святланы Раманавай і бацькоў, якія падтрымліваюць творчыя імкненні дзяцей.
Вольга КОЦІКАВА,
няштатны карэспандэнт.
Надрукавана ў №54 ад 12.07.2019 г.