Для настаўнікаў фізічнай культуры Обальскай і Слабадской школ Віктара Гусакова і Уладзіміра Кучко веласіпед даўно стаў нечым большым, чым проста сродак руху. Хлопцам даспадобы экстрэмальны велатурызм. Два гады таму Віктар і Уладзімір праехаліся па перыметры нашага раёна: каля 220 кіламетраў пераадолелі за чатыры дні, прычым маршрут выбіралі больш па лясных дарогах і сцежках.
“75-годдзе вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў для кожнага жыхара раёна дата асаблівая, – кажа Віктар Гусакоў. – Хацелася гэту дату адсвяткаваць па-асабліваму, каб запомнілася. А тут даведаліся, што 22 чэрвеня ва ўрочышчы Мазуры адкрываецца мемарыяльная дошка”. Проста сесці ў машыну ці аўтобус – гэта не ў стылі Кучко і Гусакова, ім патрэбны рух, адрэналін і эмоцыі. За вечар распрацавалі маршрут і знайшлі двух “саюзнікаў”: у велападарожжа згадзіліся адправіцца настаўнік фізкультуры СШ №1 Андрэй Лялюга і настаўнік геаграфіі Слабадской школы Уладзіслаў Траццякоў.
Зранку 22 чэрвеня квартэт велатурыстаў адправіўся ў дарогу. З Шуміліна ў Бываліна, затым у Дворышча, Мазуры, дзе прынялі ўдзел ва ўрачыстасцях. Далей Мішневічы, Сіроціна і Шуміліна. Гэта каля 60 кіламетраў. Не так і шмат для сапраўдных велааматараў, але калі ўлічыць, што ехалі пераважна па лясных дарогах ды яшчэ пасля моцных ліўняў, то падарожжа выдалася надзвычай экстрэмальнае.
– Не думаў, што будзе так складана, – прызнаўся Уладзімір Кучко. – Хаця без цяжкасцяў сумна жыць. Па некаторых сцежках было не праехаць, больш чым палова кола – у вадзе ці гразі. А якое сапраўднае выпрабаванне чакала перад Мазурамі! Па часе добра паспявалі да мерапрыемства, але наперадзе чакала рэчка Обаль. Тэрмінова зрабілі вяровачную пераправу – і паспелі ў час.
Маршрут падарыў хлопцам безліч эмоцый. Кожны кіламетр па бездарожжы цяжкі, але цікавы. На гэтым яны не збіраюцца прыпыняцца, у планах маршрут на веласіпедах па месцах партызанскай брыгады.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №51 ад 02.07. 2019 г.