Яшчэ на пачатку касавіцы спецыялісты райкама прафсаюзаў работнікаў АПК правялі маніторынг умоў працы механізатараў, занятых на зялёным жніве. Разам са спецыялістамі па ахове працы правяралі, ці падвозяцца гарачыя абеды на поле. Гэта, напэўна, адна з галоўных умоў добрай работы, бо сытаму і працуецца шпарчэй.
Ва ўсіх дзесяці гаспадарках раёна на поле прывозяцца гарачыя абеды. Самая напружаная работа – у повараў сельгаспрадпрыемства “Лаўжанскае”, бо ім трэба і сваіх механізатараў накарміць, і прыгатаваць абеды для “АграБаравінкі” і “Шумілінскага райаграсэрвісу”. А згатаваць больш за паўсотню абедаў за дзень – гэта не жартачкі. Каб даведацца, чым кормяць механізатараў, мы адправіліся на поле ў Светласельскі, дзе працаваў кормаатрад райаграсэрвісу. Раздатчыца Кацярына Яшная прывезла абеды для 16 чалавек: расольнік, рысавую кашу з катлетамі і кампот з булачкамі. Мяркуючы па смачнаму паху, які адразу разліўся па полі, абед быў апетытным.
– Вельмі смачна, вялікі дзякуй, – казалі механізатары, адносячы да раздатчыцы пустыя міскі.
За абеды ў механізатараў вылічваюць толькі 20% кошту, таму яны атрымліваюцца даволі таннымі: у сярэднім каштуюць каля паўтара рубля. Так у большасці гаспадарак. А ў ААТ “АграБаравінка” і “Ляжні” вылічваюць за абеды толькі 10% ад кошту.
Пашчасціла тым гаспадаркам, якія маюць уласную сталовую – не трэба дадатковых выдаткаў на транспартныя расходы. Добра працуе сталовая ў ААТ “Прыдзвінскі” і “Ляжні”, СФГ “Раднік”, КУСГП “Мішневічы”.
– Знаходжуся на заслужаным адпачынку, але папрасілі гатаваць абеды для механізатараў, дык адмовіць не магла, – расказала повар з Мішневіч Святлана Дашкевіч. – Увогуле прывыкла ўсё жыццё гатаваць, бо выгадавала пяцёра дзяцей. Сваіх 13 унукаў, якія прыязджаюць у госці, таксама люблю пачаставаць смачненькім. Каб абеды былі больш таннымі, у гаспадарцы прырэзалі на мяса бычка. Механізатары любяць мясныя стравы, а яшчэ – боршч і халаднік. Кожны дзень гатую па 20 абедаў.
КУСГП “Ульскі” і ААТ “Прыазёрны мір”, якія не маюць уласных сталовак, заказваюць абеды ў прыватным кафэ Аляксандра Мацуганава, што ў Мікіцісе. Падчас нашай паездкі ў Кардон мясцовыя механізатары расказалі, што ежай задаволены: смачна і сытна.
Акрамя абедаў, на палетках у спякоту патрэбна яшчэ і вада. Механізатары яе бяруць з сабой. Але ж хочацца халодненькай. Таму маюць рацыю тыя кіраўнікі гаспадарак, спецыялісты якіх, едучы на поле, прыхопліваюць яшчэ з сабой водаправодную або калодзежную ваду.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №49 ад 25.06.2019 г.