Дняпроўскія галасы з шумілінскімі ноткамі

Культура Новости

Дняпроўскія галасы з шумілінскімі ноткамі
У Міжнародным фестывалі песні і музыкі “Дняпроўскія галасы ў Дуброўне”, які праходзіў у 26-ы раз, сёлета прынялі ўдзел прадстаўнікі шасці краін – Беларусі, Расіі, Латвіі, Літвы, Малдовы і Польшчы. Такую падзею Шуміліна, вядома ж, не магло прапусціць. І творчая дэлегацыя нашых майстроў, музыкантаў, спевакоў, дэкламатараў накіравалася на гэты прадстаўнічы форум радаваць публіку сваімі талентамі і атрымліваць для сябе  новы творчы зарад.

Узорны калектыў дзіцячага баяннага аркестра пад кіраўніцтвам Святланы Чартковай

Усё атрымалася проста цудоўна: і творчы зарад, і яркія ўражанні, і ўзнагароды – усяго прывезлі на шумілінскую зямлю з невялікай вандроўкі. Кіраўнік дэлегацыі Валянціна Навіцкая, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, прыехала з Дуброўна з пачуццём выкананага абавязку.   В. Г. Навіцкая з народным вакальным ансамблем “Гарэзнікі” (кіраўнік Вольга Карбавец) прымалі ўдзел у цырымоніі адкрыцця і закрыцця фестывалю. А яшчэ “Гарэзнікі” далі канцэрт у аграгадку “Верамееўшчына”. Жыхары аграгарадка ўхвальна прынялі вакальна-танцавальную кампазіцыю “Беларусь мая”, дзе Валянціна Навіцкая была за салістку, вакальна-танцавальна-інструментальную пастаноўку “Ой ляцелі гусі з броду” і  іншыя. “Гарэзнікі” за высокае выканаўчае майстэрства атрымалі дыплом лаўрэатаў.
Лаўрэатам 1 ступені ў намінацыі “майстар-клас” стала Яўгенія Шарыпава, а Кацярына Барабанава атрымала дыплом 3 ступені ў намінацыі “Дамашняя калекцыя”

Варта адзначыць, што дубровенскі фестываль, як і многія іншыя, складаецца з розных конкурсаў, выстаў і іншых мерапрыемстваў. Удала ў гэты кантэкст упісаўся конкурс традыцыйнай лялькі ў нацыянальным касцюме “Дубравушка”, у якім майстры Шумілінскага дома рамёстваў не толькі прынялі актыўны ўдзел, але і атрымалі дзве перамогі. Лаўрэатам 1 ступені ў намінацыі “майстар-клас” стала Яўгенія Шарыпава, а Кацярына Барабанава атрымала дыплом 3 ступені ў намінацыі “Дамашняя калекцыя”.

У рамках фестывалю ладзіўся і абласны конкурс аркестраў народных інструментаў “Спяваем з аркестрам”, на які Шумілінская дзіцячая школа мастацтваў выставіла два інструментальныя калектывы: народны аркестр народных інструментаў (дырыжор Алена Сініцкая) і ўзорны калектыў дзіцячага баяннага аркестра пад кіраўніцтвам Святланы Чартковай (на здымку). І абодва сталі лаўрэатамі (адзіная школа мастацтваў у вобласці, якая стала ўладальнікам адразу двух прызавых месцаў).
Выступленне калектываў праходзіла ў форме канцэрта. І калі ў выкананні народнага аркестра народных інструментаў загучаў “Спіс Шындлера” і пад яго акампанемент дэкламатар Ганна Каламіец пачала чытаць вершы Мусы Джаліля, гледачы не маглі стрымаць слёз. За літаратурную кампазіцыю варта сказаць дзякуй філолагу Шумілінскай СШ № 1 Любові Сілінай. А глыбіню музыкі падкрэслі саліруючыя інструменты – віяланчэль (Таццяна Саўчанка) і фагот (Яўген Шыракоў). Потым была светлая кампазіцыя Дунаеўскага “Вясна ідзе” і жыццесцвярджальны вакал Нэлі Жаваранкавай, Алены Фёдаравай і Паліны Паскінай.
Нягледзячы на тое, што музыкантам давялося шмат часу правесці пад спякотным сонцам, удала выступіў і ўзорны калектыў дзіцячага баяннага аркестра. У намінацыі “Дэкламацыя пад аркестр” на фоне музычнай кампазіцыі “Вогненныя дарогі” пранікнёна чыталі вершы Мікіта Карнакоў, Лідзія Кахтэнка, Елізавета Буракевіч. А потым пад акампанемент аркестра гучала песня “Гінуць першыя”. Чысты юны голас салісткі Веранікі Сокалавай кранаў струны душы. А ў кіраўніка аркестра Святланы Чартковай было асабліва светла на сэрцы, споўнілася яе мара: дачка Вераніка спявае пад акампанемент яе аркестра.
Талент шумілінскіх выканаўцаў быў заўважаны і ўзнагароджаны. Народны аркестр народных інструментаў стаў лаўрэатам 3 ступені, узорны калектыў дзіцячага баяннага аркестра – лаўрэатам 2 ступені.
Званне лаўрэатаў 3 ступені атрымалі чытальнікі Мікіта Карнакоў, Лідзія Кахтэнка, Елізавета Буракевіч.
Журы конкурсу адзначыла работу дырыжораў А. М. Сініцкай і С. Б. Чартковай.
Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў №49 ад 25.06.2019 г.