Няхай урачыстасць запомніцца
Вяселле мяркуе, як правіла, сур’ёзную падрыхтоўку з боку абедзвюх сямей, і натуральна, што ўсе, і асабліва маладыя, жадаюць, каб гэты дзень запомніўся ім назаўсёды як незабыўнае свята. Вынік гэтай карпатлівай і хвалюючай падрыхтоўкі — рэгістрацыя заключэння шлюбу ў органах ЗАГСу, якія, згодна з ч. 4 арт. 16 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям’і, па жаданню ўступаючых у шлюб забяспечваюць урачыстую абстаноўку. А пастанова Міністэрства юстыцыі № 62 ад 18.08.2009 г. “Аб забеспячэнні ўрачыстай абстаноўкі пры рэгістрацыі заключэння шлюбу” дазваляе правесці шлюбныя ўрачыстасці ў памяшканнях устаноў культуры, памяшканнях, размешчаных у гістарычных і памятных месцах, помніках архітэктуры мастацтва ці гісторыі, архітэктурных ансамблях.
Традыцыйнымі ўмовамі кожнай сучаснай урачыстасці з’яўляюцца цудоўныя ўборы маладых, заручальныя пярсцёнкі, запрошаныя госці, прыгожы святочны стол, ускладанне кветак да помніка ў гарадскім парку.
Урачыстасць можна разнастаіць і элементамі прыгожых старадаўніх традыцый багатай беларускай культуры.
Беларускае вяселле пачыналася са сватаўства. Родныя жаніха пасылалі сватоў да бацькоў нявесты з просьбай ажаніцца дзяўчыне з хлопцам. Тыя запрашалі іх за стол, і пачыналася размова: “У вас чырвоны тавар, а ў нас купец…”. Бацькі альбо згаджаліся, альбо адмаўлялі. У першым выпадку клікалі нявесту.
Праз адзін-два тыдні ішлі агледзіны: бацькі нявесты аглядалі хату і гаспадарку бацькоў жаніха, бо туды пасля замужжа пойдзе дачка.
Аб пасагу і часе вяселля дамаўляліся на заручынах, якія праводзілі ў доме нявесты. Нявеста адорвала бацькоў і радню жаніха, пасля ўсе садзіліся за стол, выпівалі, пелі песні. Калі пасля заручын адзін з бакоў адмаўляўся ад шлюбу, ён павінен быў па-крыць расходы.
Пасля заручын ішла суборная субота (дзявочнік). Яго рабілі ў нявесты напярэдадні вяселля: прыходзілі яе сяброўкі, радня, нявесту прыбіралі, запляталі ёй касу, плялі вянкі і пелі песні.
Яшчэ адзін з этапаў вясельнага дзейства — пасад, у час якога жаніха і нявесту саджалі на дзяжу, пакрытую кажухом.
Нарэшце, за нявестай прыязджалі сябры жаніха, пачынаўся святочны абед у доме нявесты, падзел каравая і адорванне маладых. Пасля ўсяго гэтага вясельны цягнік са сватамі і дружкамі адпраўляўся ў дом жаніха. Там пачыналася вяселле, якое су-праваджалася ўшаноўваннем маладых песнямі, танцамі, жартамі.
Уласна вяселле заканчвалася абрадам “салодкай гарэлкі” — услаўленнем маладой, якая зберагла дзявочы гонар. Абрад праходзіў у доме жаніха пасля шлюбнай ночы. У час застолля ў гонар маладой падсалоджвалі гарэлку мёдам і славілі нявесціну радню.
Напэўна, кожны заўважыў, што некаторыя элементы традыцыйнага беларускага вяселля існуюць і зараз, але ў больш сучасным варыянце.
Па індывідуальнаму сцэнарыю ва ўрачыстай абстаноўцы можна правесці як заключэнне шлюбу, так і рэгістрацыю нараджэння дзіцяці, юбілейныя ўрачыстасці — сярэбраныя і залатыя вяселлі. Сцэнарый можна напісаць не толькі з улікам беларускіх традыцый, але і традыцый іншых народаў. Такая паслуга з’яўляецца адным з відаў платных паслуг, аказваемых аддзелам ЗАГСу. Праграма правядзення ўрачыстасцей па індывідуальнаму сцэнарыю складаецца з улікам пажаданняў заявіцеляў, асаблівасцей і сямейных традыцый кожнай пары.
В. ПЕТРУСЬ, начальнік аддзела ЗАГСу райвыканкама.
Опубликовано в №59 от 03.08.2010