Чем занять детей летом? Шумилинский центр детей и молодёжи, а также дом ремёсел помогут

Актуалии Культура Новости Образование

Айда ў гурткі і секцыі!
Пачаліся летнія канікулы. Для дзяцей гэта адпачынак і шмат вольнага часу, а для бацькоў – дадатковы клопат: куды падзець сына ці дачку, чым іх заняць, калі, скажам, няма бабулі ў вёсцы ці дзіця не хоча наведваць аздараўленчы лагер пры школе.
Запрашае цэнтр дзяцей і моладзі
У цэнтры дзяцей і моладзі загадзя рыхтаваліся да летніх канікулаў – сярод школьнікаў і іх бацькоў правялі маніторынг, па выніках якога склалі план заняткаў па інтарэсах на лета, крыху змянілі накірунак некаторых гурткоў і дадалі гульнявыя формы работы. “На базе нашага цэнтра летам працуюць 39 заняткаў па інтарэсах, – расказала дырэктар установы Раіса Туманава. – У час навучальнага года іх наведвала 468 дзяцей, зараз гэта колькасць не зменшылася. Да нас запісаліся ў гурткі і дзеці, што прыехалі на лета ў Шуміліна з іншых гарадоў і нават краін, у прыватнасці, з Расіі.
У нас працуюць пяць груп спартыўнага накірунку, ёсць экалагічны, гульнявы, тэатральны накірункі. У нас можна навучыцца прыгожа танцаваць, спяваць, вязаць, вышываць, маляваць, выпілоўваць, рабіць вырабы з дрэва, саломкі, паперы і прыродных матэрыялаў.  Адным словам, кожнае дзіця зной-дзе занятак па душы. Расклад заняткаў можна ўдакладніць на сайце раённага цэнтра дзяцей і моладзі”.
Дарэчы, педагогі дадатковай адукацыі РЦДМ працуюць у рамках праекта “Пазнай свой край”, згодна з якім  летам запланавана шмат паходаў, паездак, экскурсій. Удзельнікі заняткаў па інтарэсах наведаюць многія гістарычныя мясціны нашага раёна і вобласці.
Прапануе дом рамёстваў і раённы цэнтр культуры
Свой план на час летняга адпачынку дзяцей маюць  у доме рамёстваў. Тут працуе 11 гурткоў розных накірункаў, на якіх можна навучыцца плесці з саломы і лазы, вязаць кручком, вышываць, аздабляць народныя касцюмы. Таксама ёсць магчымасць заняцца дэкаратыўнай лепкай, ганчарствам,  роспісам па дрэве, шклу і тканіне, асвоіць азы шматковай тэхнікі. “Больш таго, мы прапануем майстар-класы па розных відах традыцыйных рамёстваў, а таксама выступленні ўзорнага лялечнага спектакля “Батлейка”, – расказала дырэктар Дома рамёстваў Анжэла Сяргеева.
Усё лета будуць працаваць для дзяцей гурткі раённага цэнтра культуры, а іменна – эстрадная і тэатральныя студыі, тры танцавальныя калектывы, гурток “Флэшмоб”. Сюды будуць прыходзіць як пастаянныя наведвальнікі, так і новыя, якія хочуць паспрабаваць свае сілы ў творчасці. Свае гурткі, секцыі, заняткі па інтарэсах будуць працаваць на працягу лета ва ўсіх установах клубнага тыпу і бібліятэках раёна.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №45 ад 11.06.2019 г.