Вялікай культурнай, пазнавальнай і забаўляльнай праграмай адзначылі ў Шуміліне Міжнародны дзень абароны дзяцей
Што можа быць лепш для дзіцячага свята, чым сонца і цудоўнае надвор’е! Менавіта такі дзень выдаўся 1 чэрвеня ў Міжнародны дзень абароны дзяцей. Таму, відаць, і свята, якое ладзілася ў гарадскім парку, атрымалася яркім і цікавым, прынесла шмат радасці і эмоцый дзецям.
Кожны змог знайсці ў парку сабе забаву па душы. Малыя з задавальненнем скакалі на батутах, а ў перапынках ад рухомых гульняў глядзелі любімы мультсерыял “Смяшарыкі”. Як заўжды, цікава было на пляцоўцы раённага цэнтра дзяцей і моладзі – на “Дзіцячым Арбаце” дзетвара магла сябе паспрабаваць у розных відах творчасці. Арыгінальнымі і карыснымі былі майстар-класы, якія праводзілі майстры Дома рамёстваў.
А самай вялікай папулярнасцю карысталася інтэрактыўная навучальная пляцоўка-пост раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. Дзецям у гульнявой форме і з дапамогай мабільнага дадатка “МЧС Беларуси: помощь рядом” прапаноўвалася разабрацца з бяспечнымі і небяспечнымі сітуацыямі, адказаць на пытанні па асабістай бяспецы, пападарожнічаць з героямі мультсерыяла “Чароўная кніга” ў рамках інфармацыйнай кампаніі “Правядзі час з карысцю”. Хлопцы і дзяўчынкі прыкручвалі аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі. І дарослыя прыпыняліся: выратавальнікі і актывісты раённага аддзялення Беларускага маладзёжнага грамадскага аб’-яднання ратавальнікаў-пажарных падчас рэспубліканскай акцыі “Не пакідайце дзяцей адных” нагадвалі, што лепшая бяспека – пастаянны догляд за дзецьмі.
Да акцыі ратавальнікаў далучыліся і паштовыя работнікі, якія рэкламавалі часопіс “Юны выратавальнік” і падпісвалі жадаючых.
Сапраўднае феерычнае шоу яркіх фарбаў і музыкі падарылі юныя артысты падчас тэатралізаванага канцэрта “Радуюцца дзеці на вялікай планеце”. Песні і танцы нікога не пакінулі абыякавымі і кожнае выступленне суправаджалася шквалам апладысментаў. Па поўнай “адарваліся” дзеці і дарослыя падчас культурна-забаўляльнай праграмы “Фарбы-Холі”.
Святочную эстафету падхапілі эколагі. Лідар раённай экалагічнай арганізацыі “ЭкаБум” Ірына Кулікава расказала пра конкурсы, якія арганізоўваюцца з нагоды Дня аховы навакольнага асяроддзя, што адзначаецца 5 чэрвеня (дарэчы, пазнаёміцца з конкурсамі можна на старонцы “ЭкаБума” ў сацыяльнай сетцы “Фейсбук”). Фінальную кропку святочнага дня паставіла вогненнае шоу.
Тэкст і фота Аляксандра ШЭДЗКО.
Надрукавана ў №43 ад 04.06.2019 г.