Крымінал. Здарэнні

Происшествия

Крымінал. Здарэнні
Пра здарэнні ў раёне расказаў намеснік начальніка РАУС Аляксандр Шумінскі.
Двое на аднаго
“Хуткая дапамога” імчалася па вы-кліку ў Мазурына. Як паведамілі вяскоўцы, там мужчыны з суседняй вёскі пабілі іх суседа. Пацярпелы 1959 года нараджэння быў дастаўлены ў райбальніцу з пераломамі рэбраў, закрытай траўмай грудной клеткі, кровападцёкамі. Пацярпелы расказаў, што яго пабілі два родныя браты з Сідараўшчыны, адзін з якіх раней быў судзімы за падобнае злачынства. Супрацоўнікі РАУС высвятляюць прычыны і падрабязнасці таго, чаму пакалечылі мужчыну. Супраць вінаватых узбуджана крымінальная справа па арт. 147, ч. 2 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, згодна з якім максімальнае пакаранне – пазбаўленне волі ад 5 да 10 гадоў.
Снарады
У міліцыю звярнуўся жыхар Обалі, які паведаміў, што ў зямлі ля газавай трубы свайго дома ён убачыў прадмет, вельмі падобны на снарад. Пазней спецыялісты паведамілі, што гэта, сапраўды, снарад часоў Вялікай Айчыннай вайны. Праз некалькі дзён у РАУС патэлефанаваў жыхар аг. Слабада, які расказаў, што ў лясным масіве ў Дворышчы ён знайшоў сем артылерыйскіх снарадаў. У абодвух выпадках з Віцебска былі выкліканы сапёры. Снарады абясшкоджаны і знішчаны.
Абкралі
У той дзень жыхар аг. Мішневічы быў нецвярозы, да апоўначы распіваў спіртныя напіткі са знаёмым. Толькі раніцай, калі апрытомнеў, убачыў, што  няма мабільнага тэлефона ні на звычайным месцы, ні ўвогуле ў кватэры. Прапалі і 40 рублёў. Супрацоўнікі РАУС высветлілі, што на чужыя грошы і тэлефон паквапіўся “госць”, жыхар аг. Светласельскі, на рахунку якога ўжо ёсць судзімасць.
Са зводак ДАІ
Сутыкнуўся
Жыхар раёна, які ехаў на аўтамабілі “Альфа-Рамэа” па вуліцы Суворава ў райцэнтры, сутыкнуўся з легкавушкай, што стаяла на абочыне. Прычына таго, што мужчына не разлічыў адлегласць, – стан алкагольнага ап’янення. Парушальніку пагражае пазбаўленне правоў кіравання на тры гады і штраф.
Нецвярозы
На аўтадарозе Обаль-Полацк (стары накірунак) супрацоўнікі дзяржаўтаінспекцыі спынілі жыхара Віцебска, які нецвярозы ехаў на службовым МАЗе. Аўтамабіль адбуксіраваны на штрафстаянку. А вадзіцелю прыйдзецца шукаць другую работу, бо на тры бліжэйшыя гады ён будзе пазбаўлены правоў кіравання.
Пешаходы
З 12 па 29 мая за парушэнне Правілаў дарожнага руху да адказнасці прыцягнуты 26 пешаходаў, прычым трое з іх – нецвярозыя. Сярод распаўсюджаных парушэнняў – пераход дарогі па-за ўстаноўленымі месцамі, адсутнасць у цёмны час сутак святловяртальных элементаў на адзенні. Пешаходам пагражае штраф да 1 БВ, а нецвярозым – ад 3 да 5 БВ.
На мотаблоках
Жыхар раёна ехаў на мотаблоку па вуліцы Юбілейнай у райцэнтры і пры гэтым быў “пад мухай”. Жыхар Кардона сеў нецвярозым на мота-блок і ехаў па аўтадарозе Обаль-Мікалаева, дзе і быў прыпынены супрацоўнікамі ДАІ. У абодвух выпадках мужчыны пазбаўлены права кіравання транспартнымі сродкамі і заплацяць штраф.
Людміла ЗУЙКОВА.
Надрукавана ў №43 ад 04.06.2019 г.