Знаёмства з саломкай у жыхаркі райцэнтра Вольгі Весялковай, у мінулым медыцынскага работніка, пачалося гадоў шэсць-сем таму ў Цэнтры дзяцей і моладзі, калі яе разам з іншымі прадстаўнікамі сталага ўзросту работнікі цэнтра запрасілі на рэалізацыю спецыяльнага творчага праекта. Вольга Міхайлаўна згадзілася і ні разу не пашкадавала пра гэта. Спачатку быў батык у Наталлі Пятроўскай. І незабыўныя ўражанні ад заняткаў і таго, што атрымалася на выхадзе.
Неўзабаве на майстар-класы па аплікацыі з саломкі запра-сіла Таццяна Каласкова, вядомы ў раёне спецыяліст па саломапляценні. І вось тут ёкнула сэрца і затрымцела душа… Вольга Міхайлаўна адчула, што гэта менавіта яе. Саломка яе, можна сказаць, узяла ў палон.
Захапленне аказалася такім сур’ёзным, што, калі закончыўся праект, Вольга Весялкова адчула, што не можа проста так развітацца з творчасцю, і адправілася ў Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.
Ужо два з паловай года яна тут. Раз у тыдзень, звычайна па серадах, з раніцы адклаўшы ўсе дамашнія клопаты, з задавальненнем спяшаецца на заняткі да Марыны Валчэцкай, з якой яны адразу знайшлі агульную мову. Кіраўнік гуртка прызнаецца, што спачатку спрабавала прыахвоціць Вольгу Міхайлаўну да іншай творчасці, аднак хутка зразумела, што падапечная з цвёрдым стрыжнем і дакладна ведае, чаго хоча, што аплікацыя з саломкі для жанчыны – сур’ёзнае хобі. Разам з тым, да парад і рэкамендацый кіраўніка яна прыслухоўваецца, дамашнія заданні, якія з кожным разам ускладняюцца, выконвае спраўна.
І вось вынік: зараз у Вольгі Весялковай у Тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва арганізавана свая персанальная выстава. У ёй – 14 работ у тэхніцы “аплікацыя з саломкі”, прыгожых, адмысловых, арыгінальных, розных і непадобных адна на адну. “Гэта мая радня, – усміхаецца, гледзячы на работы, Вольга Міхайлаўна. – І вельмі дарагія сэрцу. Самыя каштоўныя для мяне “Храм” і апошняя – “Дама ў капелюшы”. Ведаеце, захапленне беларускім “золатам” дае мне энергію. Гэта тое, чым варта займацца, асабліва ў сталым узросце. І я многім раю знайсці справу па душы, як мне пашчасціла”.
Летам у В. М. Весялковай невялікі адпачынак, калі можна гэта так назваць, – яна пераключаецца на кветкаводства і агародніцтва, якія таксама вельмі любіць, і атрымлівае шмат станоўчых эмоцый. Але пра саломку ні на гадзіну не забывае.
Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў №41 ад 28.05.2019 г.