Дэсантнік – гэта на ўсё жыццё

Людзі і лёсы Общество

Дэсантнік – гэта на ўсё жыццё
Сапраўдны абаронца сваёй радзімы, маёр у адстаўцы, у былым камандзір парашутна-дэсантнага батальёна, салдат, працавіты і адказны па жыцці, добры спявак, любячы і любімы муж, тата і дзядуля Мікалай Фёдаравіч Аляксеенка з Шуміліна нядаўна адзначыў сваё 80-годдзе.
– Для мяне гэты юбілей – самая важкая і значная дата, – шчыра прызнаўся Мікалай Фёдаравіч дэсантнікам 103-й мабільнай брыгады, якія на чале з камандзірам  другой разведвальнай групы Алегам Кляшчовым, а таксама  намеснікам ваеннага камісара па тэрытарыяльнай абароне Шумілінскага раёна Ігарам Аляксеевым і Уладзімірам Арловым, які ўзначальвае дэсантнае братэрства Шуміліншчыны, завіталі да Мікалая Аляксеенкі са шчырымі віншаваннямі і падарункамі. А самым важкім з іх быў стабілізуючы парашут, якія адказвае за бяспечны скачок дэсантніка. Гэты сімвалічны падарунак выклікаў у былога ваеннага шмат успамінаў пра сваю службу.
Лёс звязаў М. Ф. Аляксеенку з паветрана-дэсантнымі войскамі, калі ён праходзіў тэрміновую ваенную службу ў Віцебску.  Праз год хлопец вырашыў паступаць у Разанскае вышэйшае паветрана-дэсантнае вучылішча, пасля заканчэння якога зноў вярнуўся ў віцебскую дывізію камандзірам парашутна-дэсантнага ўзвода, пасля стаў камандзірам батальёна. У 1968 годзе браў удзел у чэхаславацкіх падзеях. У Шуміліне з 1984, калі быў пераведзены ваенным камісарам.
Мікалай Фёдаравіч ганарыцца сваім вайсковым лёсам, сваёй службай. Ён і сёння захоўвае свой касцюм дэсантніка, помніць пра сваіх салдат і пра кожны са сваіх 143 скачкоў з парашутам. Сённяшнім дэсантнікам цікава было даведацца пра скачкі не толькі з самалёта, які ляцеў з хуткасцю 270 кіламетраў у гадзіну, але і з аэрастата.
М. Ф. Аляксеенка пахваліўся сённяшнім дэсантнікам сваімі армейскімі фотаздымкамі, дзе зафіксаваны важныя моманты жыцця: з генералам арміі Маргелавым, які паціскае руку М. Аляксеенку як пераможцу першынства паветрана-дэсантных войскаў сярод разведвальных  аддзяленняў; з камандзірам дывізіі генералам Яцэнка, з якім разам стапталі не адну пару салдацкіх ботаў; уручэнне медаля “За бездакорную службу” і іншыя моманты вайсковай службы.
Сустрэча ветэрана-дэсантніка з прадстаўнікамі 103-й мабільнай брыгады прайшла ў цёплай сяброўскай атмасферы. “Сапраўдны мужчына – гэта не толькі той, хто адслужыў у арміі, – сказаў салдатам Мікалай Аляксеенка. – Трэба быць абаронцам не год і не два, а заўсёды: дапамагаць людзям, калі тыя трапяць у бяду, паважаць, любіць і абараняць сваіх родных”. Такіх прынцыпаў жыцця Мікалай Фёдаравіч прытрымліваецца ўсё жыццё, такую навуку перадае і маладым.
*   *   *
У Дзень сям’і, 15 мая, работнікі раённага цэнтра культуры правялі ў бібліятэцы вечар-партрэт “Мая сям’я – маё багацце”, які быў прысвечаны Мікалаю Фёдаравічу і Ніне Пятроўне Аляксеенкам. 55 гадоў яны жывуць разам, дзеляць  радасці і нягоды.
Былы дэсантнік Мікалай сустрэў сваё каханне ў Віцебску – актывістку, ударніцу і проста прыгажуню Ніну. З таго часу яны крочаць па жыцці разам. Колькі добрых слоў было сказана ў адрас адзін аднаго за гэты час, колькі песень спета. Але ж жыццёвы шлях сям’і быў не з лёгкіх. Разам муж і жонка прайшлі праз усе цяжкасці, якія выпалі на іх долю, але пры гэтым захавалі і збераглі ўзаемнае каханне і адданасць, выхавалі дваіх дзяцей. Мікалай Фёдаравіч і Ніна Пятроўна як ніхто ведаюць, што сям’я – гэта і каханне, і дружба, і апора, і паўсядзённая работа, а яшчэ – школа дабрыні, вернасці і доўгу. У доме Аляксеенкаў жыве камфорт і ўтульнасць, тут спакойная дабрадушная абстаноўка. Усё гэта муж і жонка стварылі сваім стараннем.
Мікалая Фёдаравіча і Ніну Пятроўну віншавалі з Днём сям’і, дарылі кветкі, жадалі здароўя і дабрабыту. Шмат цёплых слоў у адрас Аляксеенкаў сказалі дырэктар цэнтра культуры Марына Прохарава, кіраўнік клуба “Ветэран” Галіна Аляксеева. На свяце гучала шмат вясёлых песень, у тым ліку і ў выкананні Мікалая Аляксеенкі, які як самадзейны артыст на сцэне са школьных гадоў.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №39 ад 21. 05. 2019 г.