Багата ўдзельнікаў сабралася на свята, прысвечанае Дню работнікаў фізічнай культуры і спорту, якое прайшло ў суботу, 18 мая, на гарадскім стадыёне ў Шуміліне. “Адзначалі” свята прыхільнікі здаровага ладу жыцця ў новым фармаце – выконвалі нарматывы Дзяржаўнага фізкультурна-аздараўленчага комплексу Рэспублікі Беларусь.
Бадзёрасці духу, спартыўных дасягненняў і пазітыўных эмоцый пажадаў ўдзельнікам і павіншаваў з прафесійным святам на ўрачыстым адкрыцці галоўны спецыяліст райвыканкама Андрэй Мазанкоў.
За ўклад ў развіццё спорту і фізічнай культуры ў раёне ветэранам фізічнай культуры і лепшым грамадскім інструктарам па спорце дырэктар раённага фізкультурна-аздараўленчага цэнтра Аляксей Ляснічы ўручыў граматы.
Старт на выкананне нарматываў дадзены! Спартыўныя баталіі разгарнуліся на шматлікіх пляцоўках: адны бегаюць, другія робяць нахілы, трэція падцягваюцца.
Сярод удзельнікаў і майстар спорту член маладзёжнай зборнай Беларусі па біятлоне Вольга Гаўрылкіна:
– У мяне закончыўся біятлонны сезон, прыехала дадому. Даведалася пра спаборніцтвы, вырашыла паўдзельнічаць. Тут і мой першы трэнер Генадзь Мікалаевіч Салапаеў.
Чаго-чаго, а спартыўнай барацьбы падчас свята хапала. Спартсмены спаборнічалі ў большай ступені не з канкурэнтамі, а з сабой, паказваючы максімальны для сябе вынік. Адной з самых “гарачых” узроставых катэгорый сталі спаборніцтвы сярод мужчын 30-39 год. “Сёння хачу праверыць сябе, – дзеліцца майстар спорту па гіравому спорту намеснік начальніка РАНС Іван Маскалькоў. – Пра Дзяржаўны комплекс даведаўся нядаўна, пагляджу, з якімі відамі ў мяне праблемы, патрэніруюся. Стаўлю перад сабой задачу: пра год выканаць усе нарматывы і атрымаць значок”.
У гэтай катэгорыі добрыя вынікі паказаў Артур Давыдоўскі з ОКЗ, які прызнаўся, што фізічнай культурай займаецца для сябе. Неблагі вынік і ў трэцяга прызёра гэтага узросту – Яўгена Салаўёва (аддзел па адукацыі райвыканкама), які не ставіў перад сабой вялікіх задач, але паказаны вынік – добрая нагода для новых трэніровак і новых перамог.
Што тычыцца выканання нарматываў Дзяржаўнага фізкультурна-аздараўленчага комплексу Рэспублікі Беларусь, то ў адным кроку ад атрымання значка Анастасія Талкачова са Слабады (“Вітконпрадукт”) – каб атрымаць значок Анастасіі неабходна выканаць усяго адзін нарматыў – бег на 1500 метраў.
Ухвальных слоў заслугоўваюць і суддзі, пераважная большасць якіх была з работнікаў ФАЦа. У сваё прафесійнае свята яны добра арганізавалі мерапрыемства не толькі для сябе, а і для аматараў здаровага ладу жыцця.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №39 ад 21. 05. 2019 г.
Смотрите видео на нашем сайте