Пра Ляды, Ляжні і асінавыя астравы
Багатая на падзеі і міжэтнічныя кантакты гісторыя нашага народа абумовіла з’яўленне ўнікальнага комплексу назваў населеных пунктаў – тапонімаў. У іх адлюстроўваліся самыя істотныя бакі чалавечай дзейнасці.
З даўніх часоў асноўным заняткам насельніцва з’яўлялася земляробства. Самай старажытнай формай земляробства з’яўляецца падсечна-агнявое, пры якім лес выкарчоўваўся і спальваўся. Такая сістэма земляробства знайшла шырокае адлюстраванне ў назвах населеных пунктаў Шуміліншчыны: Ляды, Гарэлыя Ляды. Слова “ляда” характарызуе кавалак зямлі, для якога была ўласціва менавіта такая сістэма апрацоўкі. Ляда апрацоўвалася каля пяці гадоў, пасля чаго пакідалася пад папар.
Яшчэ адзін тэрмін, звязаны з распаўсюджаннем падсечна-агнявога земляробства – “доръ”. У старажытнай мове гэты тэрмін вызначаў зямлю, зачышчаную пад ворыва або ўгоддзе. У аснову назваў вёсак Задоры, Падоры Шумілінскага раёна пакладзена менавіта гэтае слова.
Распаўсюджанымі на тэрыторыі Беларусі з’яўляюцца тапонімы з асновай “гар”. Назвы паселішчаў з такой асновай сугучныя з тэрмінам, які азначае ўздзеянне агню. У старажытнай славянскай мове слова “гарь” вызначала выпаленае або выгарэўшае месца ў лесе альбо выпаленую дзялянку, прыстасаваную спецыяльна для ворыва. Падобныя назвы сустракаюца на ўсёй тэрыторыі Шумілінскага рэгіёна: Гар, Гарэліцы, Гарэлая Града, Гарэлыя Ляжні.
Месцы, якія падпадалі пад ўздзеянне агню, шырока адлюстраваныя ў мікратапаніміі. Напрыклад, у аколіцах вёскі Ваўчкі існуе назва часткі леса з назвай “Выгарка”. Урочышча з адпаведнай назвай фіксуецца таксама каля вёскі Зямцы.
Надзелы зямлі, што распрацоўваліся ўпершыню, называлі “навіной”. На аснове гэтага ўзнікаюць паселішчы з назвамі Навікі, Навіны, Ноўе, Ноўка. Месцы “новых” надзелаў у мікратапаніміцы далі назвы ўрочышчам і асобным часткам лесу. Напрыклад, лясное ўрочыша ля вёскі Боськава носіць назву “Навінкі”.
Супрацьпастаўленнем з’яўляецца тэрмін “старына”, які, па сутнасці, бытаваў як антонім да тэрміну “навіна”. Старыной называлі надзел зямлі, які апрацоўваўся доўгі час адносна новых дзялянак. У такіх месцах узнікалі паселішчы з адпаведнымі назвамі: Стар, Старынкі, Старыновічы, Малыя Cтарынкі.
Кавалак зямлі, які пакідаўся назаўжды ці на пэўны час, атрымліваў назву “Ляжні”. На тэрыторыі Шуміліншчыны існуе шырокае кола такіх назваў: Залеж, Хмялёўскія Ляжні, Храптоўскія Ляжні, Вялікія Ляжні, Малыя Ляжні. У аснову гэтых тапонімаў пакладзена характарыстыка абложнай зямлі, якая была закінута, не апрацоўвалася і пуставала. Паселішчы, утвораныя на закінутай зямлі, даволі часта мелі аснову “пусташ”, прыкладам служыць назва вёскі Пусташы. Айконім (уласная назва населенага пункта) сведчыць, што да засялення тут было пустое, не засеянае поле.
Асобную групу населеных пунктаў складаюць назвы, якія характарызуюць асаблівасці зямельных надзелаў – участкаў і зямель-хутароў. Тапонімы з асновай “востраў”, “вуглы”, “куты” вызначаюць дзялянкі-асабнякі, узятыя пад апрацоўку па-за агульнай мяжой цяглых зямель.
Апрацаваныя кавалкі зямлі ворыўнай сістэмы земляробства ўяўлялі сабой асобныя “астравы” ў лясным масіве. Сярод тапонімаў Шуміліншчыны ХІХ–ХХ стст. фіксуюцца назвы вёсак з такой асновай: Востраў, Гарэлы востраў, Лісцінскі востраў. Аднак найбольшая колькасць падобных назваў прасочваецца ў мікратапаніміі: урочышчы Гарэлы востраў і Востраў (ля вёскі Старыновічы), Астравы (ля вёскі Залессе і вёскі Кадзі), Востраў і Ліпавы востраў (ля вёскі
Шалягі). Кампанентная частка апошняй назвы ўказвае на расліннасць, характэрную для даннай мясцовасці. Падобнае таксама можна назіраць ў ваколіцах вёскі Ваўчкі, дзе існуе “Асінавы востраў”, паводле слоў мясцовых жыхароў лес атрымаў назву з-за прарастання у гэтым месцы асіны.
Назвы вёсак Клінавік, Клінкі ўтвораны ад старажытна-беларускага слова “клін”, якое абазначае асобны надзел зямлі з гаспадаркай. Часам падобныя назвы надаваліся з улікам геаграфічных асаблівасцей, як, напрыклад, у ваколіцах вёскі Шашы. Частка лесу да гэтага дня называецца “Клінок”, назва абумоўлена месцазнаходжаннем участка лесу паміж дзвюма дарогамі.
Лясныя надзелы, падрыхтаваныя для апрацоўкі глебы, таксама давалі назвы населеным пунктам. Напрыклад, назва вёскі Чысці паходзіць ад тэрміну, які абазначае расчышчанае месца ў лесе. Бязлесныя тэрыторыі на месцы ссечанага лесу, альбо пакінутага месца насілі назву “гала”, ці “галя”. Падобныя пустыя ўчасткі называлі “галявымі”. Прыкладамі айконімаў такога тыпу можа служыць назва вёскі Галі. Аднак, на думку даследчыка ў галіне тапанімікі Жучкевіча В.А., у аснову назвы пакладзена слова “гала” – сырое месца, балота.
Асобныя населеныя пункты Шуміліншчыны атрымалі свае назвы ад старажытных адзінак вымярэння зямлі: вёскі Маргі, Увалока, Губіца. Тэрмін “морг” азначае старую зямельную меру плошчай каля 0,5 га, “валока” – дзялянка зямлі памерам у 21,36 га, адпаведна тэрмін “губа” ў старажытнабеларускай мове азначаў кавалак зямлі, які селянін падымаў сахой за дзень.
Варвара ЕЗОВИТОВА.
Надрукавана ў №82 ад 25.10.2011 г.