74 годовщину Великой Победы в Шумилинском районе встретили 11 ветеранов Великой Отечественной войны

Актуалии Беларусь помніць

Жадаем вам самага галоўнага – міру і здароўя

Як мала іх засталося – усяго 11 ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Гэта былыя франтавікі, партызаны, працаўнікі тылу, блакаднікі Ленінграда. Усіх іх напярэдадні Дня Перамогі або на 9 Мая павіншавала старшыня раённай арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў Таццяна Цэрах.
Ветэрана вайны Іванову Марыю Дзмітрыеўну з вёскі Красамай з Днём Перамогі віншуе загадчыца аддзялення ТЦСАН Святлана Быкава.

Напярэдадні  свята завіталі да сваіх падапечных (чатырох удзельнікаў вайны і пяці былых вязняў канцлагераў) работнікі Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Шумілінскага раёна.

У кожнага ветэрана свая жыццёвая гісторыя, свая цана Перамогі. Але ва ўсіх яна вельмі дарагая, бо вымяралася чалавечымі жыццямі. На 1-ым Беларускім фронце ваявала Марыя Іванова з вёскі Красамай. Былыя партызанкі Надзея Сабаршова і Генадзія Лысанава з Обалі і сёння памятаюць паходы ў разведку, кровапралітныя баі з ворагам. Віктар Багатыроў з Андрэеўкі можа гадзінамі расказваць пра тое, як пашчасціла выжыць у блакадным Ленінградзе.
Таццяна Цэрах віншуе са святам Перамогі Мікалая Мікалаевіча Чапурнова.

У Шуміліне да шчырых віншаванняў Таццяны Цэрах далучылася  дырэктар ТЦСАН Валянціна Штуро з загадчыцай аддзялення цэнтра Вольгай Лабейкай. У былога франтавіка Мікалая Чапурнова 9 мая дзень нараджэння. У свае 93 гады ўра-джэнец вёскі Шавекі, што на Казьяншчыне, памятае, як яго забіралі на фронт, як ён змагаўся спачатку на 3-ім Прыбалтыйскім фронце, а потым на 3-ім Беларускім. Мікалай Мікалаевіч расказаў, што ў час вайны быў кулямётчыкам. І сёння яму часта сняцца жорсткія баі пад Талінам, дзе яго цяжка параніла. Перамогу М. М. Чапурноў сустрэў пад Кёнігсбергам. За мужнасць і гераізм кулямётчыка ўзнагародзілі медалём “За адвагу”, а потым ордэнам Айчыннай вайны.

Працаўнік тылу Раіса Бяззубенка на 9 мая заўсёды ўспамінае свае працоўныя будні ў час Вялікай Айчыннай вайны ў Тамбове на ваенным заводзе, дзе выраблялі снарады і санітарныя вагоны.
Свае ўспаміны ў Надзеі Быкавай, былой партызанкі 1-й Віцебскай брыгады. “Дзякуй усім за памяць і віншаванні, – расчулілася Надзея Лук’янаўна. – Беражыце сябе, сваіх блізкіх і будзьце дастойнымі тых, хто ваяваў у час Вялікай Айчыннай. Жадаю вам самага галоўнага – міру і спакою”.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў №36 ад 11.05.2019 г.