Марина Алексеенко знает, что такое Чернобыль. В те годы она дважды побывала в Хойниках

Актуалии Людзі і лёсы

Марына Аляксеенка з баявымі сябрамі. Чарнобыль, красавік 1988 г.

Па абавязку. Службовым і чалавечым

Больш за трыццаць гадоў мінула пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС, а яна не дае пра сябе забыць. Камусьці нагадвае страшнымі хваробамі, стратай бліз-кіх людзей, развітаннем назаўсёды з малой радзімай… А людзям, якія ў той час апынуліся ў эпіцэнтры падзей,  ніяк не дасць развітацца з успамінамі.
Ліквідатар Марына Аляксеенка, якая працуе памочнікам урача-эпідэміёлага раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, ка-жа, што ёй хапіла і месяца, каб Чарнобыль стаў часткай яе жыцця.
У красавіку 1986 года 19-гадовая Марына Аляксеенка працавала фельчарам-лабарантам у 3-й гарадской бальніцы г. Гродна. Будучы на змене, даведалася пра аварыю на ЧАЭС. “Адразу нешта перавярнулася ў душы, – расказвае Марына Фёдараўна. – Нешта гаварыла, што гэта аварыя будзе тычыцца і мяне”. І прадчуванні дзяўчыны спраўдзіліся: у студзені 1987 года пачалі збіраць брыгаду медыкаў для камандзіроўкі ў чарнобыльскую зону.
Марыну Аляксеенку камандзіравалі ў бальніцу ў Хойнікі, дзе яна брала лабараторныя аналізы ў ліквідатараў і мясцовага насельніцтва. “Працаваць прыходзілася ў экстрэмальных умовах, – успамінае медык. – Рабілі безліч аналізаў. Праўда, ніхто нічога не расказваў. Але разуменне сур’ёзнасці сітуацыі было: аналізы паказвалі нізкую колькасць лейкацытаў у крыві, а самі ліквідатары былі занадта стомленыя і мелі хваравіты выгляд”.  Два тыдні працы – гэта было сапраўднае выпрабаванне, тым больш, што ніякіх сродкаў абароны не выдалі, выдалі толькі непрацуючыя дазіметры…
“Пасля камандзіроўкі вярнулася ў Гродна. Даведалася, што ваенкамат набірае медыцынскіх работнікаў для адпраўкі ў Чарнобыль, –  расказвае Марына Аляксеенка. – Сама пайшла і папрасілася. У сакавіку была накіравана на два тыдні ў Хойніцкі раён, у ваенны шпіталь”.
Менавіта тут Марына Аляксеенка разам з іншымі медыцынскімі работнікамі прыняла ваенную прысягу. І зноў шматлікія аналізы, якія брала ў ліквідатараў. Каб не губляць час, камандаванне прыняло рашэнне, што аналізы будуць брацца непасрэдна ў Чарнобылі, куды адпраўлялі лабарантаў на пяць дзён. “Карціны навокал былі проста жахлівыя, – кажа  Марына Фёдараўна. – Вось лес: паласа  жоўтая, паласа зялёная, паласа чорная.  А мёртвы горад Прыпяць, дзе ніводнага чалавека…”
З 1992 года Марына Аляксеенка жыве ў Шуміліне, тут выхавала двух сыноў і ўвесь час працавала ў санстанцыі. “Праз дзесяцігоддзі разумееш, што па абавязку, службовым і чалавечым, неабходна было быць у эпіцэнтры чарнобыльскай трагедыі, – падсумоўвае М. Ф. Аляксеенка. – І разумееш адказнасць чалавека за ўчынкі. Як важна, каб мірны атам заўсёды заставаўся мірным. А для гэтага трэба помніць пра чарнобыльскую трагедыю”.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №33 ад 26.04.2019 г.