Знаходзяць час для творчасці
Два гады ў вёсцы Сураўні Мішневіцкага сельсавета працуе выязны гурток для творчых людзей. Яго арганізавала аддзяленне дзённага знаходжання для грамадзян сталага ўзросту Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Для заняткаў вяскоўцы прыстасавалі будынак былога школьнага склада, сваімі сіламі і за свой кошт зрабілі там невялікі рамонт.
Гурток наведваюць сем жанчын сталага ўзросту, і займаюцца яны розным рукадзеллем: падзелкамі са стужак, фаамірану, гафрыраванай паперы, асвойваюць тэхніку вязання спіцамі і кручком. У лідарах – Любоў Аляксандраўна Акулёнак, якая за гэты час так захапілася творчасцю, што ўвасобіла ў рэальнасць не адну мару. І сёння ў суравенскім доме ветэранаў нават арганізаваная яе персанальная выстава. Сціплая, але для жанчыны вельмі дарагая і чаканая. Як бачна, яна аддае перавагу кветкам.
“Нягледзячы на тое, што сельскім жыхарам хапае спраў на ўласным падворку, ніхто ні разу не спаслаўся на занятасць і не прапусціў заняткі, – кажа кіраўнік гуртка Марына Валчэцкая. – Наадварот, усе просяць прыязджаць да іх не два разы ў месяц, а часцей”.
Адзіным недахопам жанчыны лічаць адсутнасць электрычнасці ў прыстасаваным для заняткаў памяшканні. Працаваць у такіх умовах не вельмі зручна, прызнаюцца яны, немагчыма карыстацца клеявым пісталетам, прасам для надання формы пялёсткам. Ды і ў асенне-зімовы перыяд мала асвятлення. Так што застаецца толькі парадавацца іх аптымізму, жыццялюбству, актыўнасці, знаходлівасці, уменню арганізаваць вакол сябе жыхароў вёскі. І, канешне ж, вялікаму жаданню прысвячаць свой вольны час заняткамі па душы, творчасцю.
Алена КАРПУШЭНКА.
Фота Ларысы ЗАЙЦАВАЙ.
Надрукавана ў №33 ад 26.04.2019 г.