“Чытаю лісты франтавыя, а сэрца трапеча і ные…”
Усё менш застаецца людзей, якія помняць страшныя гады Вялікай Айчыннай вайны. Але ў сямейных архівах беражліва захоўваюцца лісты з фронту, ваенныя фотаздымкі – як памяць пра гераізм дзядоў і прадзедаў.
Л. М. Цімошчанка з вёскі Сураўні дастае даўно пажаўцелыя, апаленыя вайной і часам, месцамі працёртыя і па краях надарваныя два невялікія аркушы паперы. Кладзе іх на стол як рэліквію, як боль, як памяць пра роднага чалавека, які змагаўся на франтах Вялікай Айчыннай вайны, і пачынае расказваць:
– Да вайны наша сям’я жыла ў вёсцы Баравыя, што за Сураўнямі. Бацька Мікіта Захаравіч працаваў у калгасе трактарыстам. А калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, у чэрвені 1941 года яго забралі на фронт. Там ён быў снайперам. З фронту дасылаў нам лісты ў вёску Войлава, што на Смаленшчыне – туды наша сям’я была эвакуіравана. Складзеныя ў трохвугольнікі, лісты прыходзілі даволі часта. Мы, дзеці, з нецярпеннем чакалі наступнай весткі з фронту, каб даведацца, што наш бацька быў жывы і здаровы, пахваліцца перад сябрамі і суседзямі. У мяне былі сёстры Надзя і Нюра, брат Віталь, малодшы брат Міша нарадзіўся ў канцы 1941 года, калі бацька быў ужо на фронце. Так яны і не пабачыліся. У канцы 1944 года маці атрымала ліст, што ён прапаў без весткі”.
Сям’я Цімошчанкаў беражліва захоўвае даваенны фотаздымак Мікіты Захаравіча і ягонай жонкі Зінаіды Дзмітрыеўны. На жаль, ваенных фатаграфій франтавік у лістах не дасылаў. Пісаў, што нельга, бо лісты маглі трапіць да немцаў, таму строга правяраліся ваеннай цэнзурай. Па гэтай прычыне іх і не клалі ў канверты, ліст складвалі ў трохвугольнік і не заклейвалі – дзеля зручнасці цэнзараў.
Пасля размовы з сынам франтавіка мы зноў вярнуліся да ваенных лістоў. Адзін з іх быў датаваны 15 красавіка 1942 года і быў кароткім: Мікіта Захаравіч віншаваў сваю сям’ю з Вялікаднём, жадаў здароўя. Пра сябе паведамляў коратка: жывы.
Другі ліст, напісаны на спецыяльным аркушы для франтавых лістоў хімічным алоўкам і датаваны 5 красавіком 1944 года, быў большым: “Ліст ад мужа і таты Мікіты Захаравіча Цімошчанкі. Добры дзень, дарагія мае, жонка Зіна, дачушкі Надзя і Нюра, сыны Лёня, Віталік і Міша! Пасылаю я вам нізкае сардэчнае чырвонаармейскае прывітанне. Ваш муж і тата, дзякуй богу, жывы і здаровы, чаго і вам жадаю. Зараз знаходжуся на фронце. Ачышчаем нашу зямлю ад карнікаў, ад забойцаў-немцаў.
Дарагія жонка і дзеці, чакайце мяне дадому з Перамогай. Калі магчыма, прышліце мне ў наступным лісце свае фотаздымкі. Вельмі буду чакаць. Нізкі вам паклон. Усіх вас помню і люблю”.
Фотаздымкі сям’я так і не паспела паслаць. Ды і дзе было фатаграфавацца – ішла вайна. Пра Мікіту Захаравіча Цімошчанку сваякі больш нічога не ведаюць. Вядома адно: ён быў салдат, франтавік, які мужна абараняў сваю радзіму і вельмі хацеў, каб яго сям’я жыла пад мірным небам.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №32 ад 23. 04. 2019 г.