Хто, калі не мы?
Стваральнай працай на карысць сваёй малой радзімы падтрымала Шуміліншчына рэспубліканскі суботнік 20 красавіка. Кіраўніцтва раёна, працоўныя калектывы арганізацый і прадпрыемстваў, школьнікі, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый рупіліся на добраўпарадкаванні тэрыторый, воінскіх пахаванняў, пасадцы дрэў. Работа знайшлася для ўсіх, хто не захацеў у гэты дзень заставацца дома.
Мемарыяльны комплекс у Тропіне. Чатыры гады таму ў гонар 70-годдзя Вялікай Перамогі на воінскім пахаванні па ініцыятыве раённай арганізацыі Беларускага саюза афі-цэраў з’явілася “Алея памяці”. 70 саджанцаў – па колькасці мірных год. Дрэўцы раслі, адлічваючы новыя гады з той незабыўнай і важнай для кожнага даты. Але, як гэта часта бывае, прыжыліся не ўсе.
– Сёлета мы вырашылі аднавіць нашу алею, каб 75-годдзе Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне мемарыял у Тропіне сустрэў зялёнай лістотай маладых дрэўцаў, – адзначыў старшыня раённай арганізацыі Валерый Жандараў.
Добры намер саюза афіцэраў падтрымалі таксама ветэраны раённых аддзелаў унутраных спраў і па надзвычайных сітуацыях, ветэраны вайны ў Афганістане, школьнікі. Было высаджана 50 бярозак. Наведзены парадак на воінскіх пахаваннях. Фота на фоне мемарыяла занатавала яшчэ адну добрую справу сучаснікаў, якая пацвярджае вялікую ўдзячнасць загінуўшым у гады вайны за сённяшні мір і лад у краіне.
Шумілінскае возера. Змянілася ў чаканні новага сезона галоўнае месца адпачынку гараджан. На добраўпарадкаванні берага, пасадцы дрэў рупілася кіраўніцтва раёна, аддзелы і ўпраўленні райвыканкама, падатковая інспекцыя, моладзь, школьнікі, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый. Сотня дубоў чырвоных, 250 клёнаў, ліп і бярозак знайшлі месца ў парку, які быў разбіты ў гэты дзень.
– І гэта толькі пачатак. Работа па добраўпарадкаванні тэрыторыі, вызвалення яе ад кустоўя, пасадцы дрэў будзе працягвацца і на гэтым тыдні, – заўважыла начальнік аддзела архітэктуры і будаўніцтва, жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Юлія Зянькова.
З лазой, якая запаланіла тэрыторыю і якую не паспелі выдаліць падчас суботніка, будуць працягваць змагацца, каб паспець пасадзіць на гэтым месцы як мага больш маладых культурных дрэўцаў. Час прыспешвае – найлепшы для прыжывання раслін сезон хутка скончыцца – таму ЖКГ і спадзяецца на дапамогу працоўных калектываў арганізацый і прадпрыемстваў.
Бераг возера пазбавілі ад смецця, дарослыя дрэвы пабялілі. На сваёй “ваенна-марской” базе працавалі прадстаўнікі раённай арганізацыі Беларускага саюза ваенных маракоў. Яны навялі парадак на тэрыторыі і высадзілі 20 дрэў.
Сасоннік. Тут было надзвычай шматлюдна і шумна. Больш за сто вучняў 5-8 класаў СШ № 1 вызвалялі ад смецця сасоннік у Светласельскім. Яны “прачасалі” лес з пакетамі наперавес, спаборнічаючы ў тым, хто больш назбірае.
– Хачу заўважыць, што сёлета смецця куды меней, чым бывае звычайна, – заўважыла класны кіраўнік 6 “А” класа Вера Баганава. – Бывала, на адным метры цэлы пакет набіралі, а тут яшчэ і пахадзіць трэба.
Бітыя шкляныя бутэлькі, пластыкавы посуд, упакоўка – вось самыя частыя “знаходкі”, ад якіх дзеці пазбавілі лес. Працавалі на сумленне, таму, можна не сумнявацца, сасоннік пасля суботы “ўздыхнуў” з палёгкай. (Хочацца спадзявацца, што наведвальнікі, шануючы дзіцячую працу, надалей не будуць “пазначаць” свае лясныя прагулкі кучамі смецця).
Тым часам на фермах. Парадак на жывёлагадоўчых аб’ектах дапамагалі наводзіць супрацоўнікі аддзелаў і ўпраўленняў райвыканкама, устаноў адукацыі раёна. Таксама прадстаўнікі ОКЗ, ДРБУ № 204, лясгаса, ТЦСАН, УП ЖКГ, КУП БАН, райплемстанцыі, РЦГЭ і многіх іншых арганізацый.
Работнікаў СШ № 1 мы сустрэлі з граблямі, мяцёлкамі і пэндзлямі на тэрыторыі МТФ “Цэнтр-2” райаграсэрвіса.
– Дапамога нам дарэчы, – адзначыла загадчык малочнатаварнай фермы Людміла Ліпай. – Мы і самі пасля зімы стараемся навесці парадак. Чысцім, фарбуем, рамантуем. Але лішнія рукі ніколі не перашкодзяць. Хутка вывадзіць жывёлу на пашу. Дзякуй дзяўчатам – пафарбавалі перасоўную даільную ўстаноўку.
Мост цераз рэчку Обаль у вёсцы Цаўі. Тут рупіліся калектывы ДРБУ № 204, рэдакцыі, Белдзяржстраху. Да слова, гэта самы вялікі мост, які замацаваны за дарожнікамі. Стаяла задача пафарбаваць металічныя канструкцыі, бардзюры і пазбавіць дарогу праз раку ад тоўстага слою зямлі, якая назапасілася там за год. З гэтай няпростай задачай арганізацыі справіліся, падарыўшы мясцовым і ўсім, хто праязджае міма, радасць ад чысціні і парадку.
Толькі лічбы. У суботніку ў раёне ўзялі ўдзел больш за 3800 чалавек. У фонд суботніка пералічана 8600 рублёў. Заробленыя на суботніку грошы пойдуць на капітальны рамонт з мадэрнізацыяй манумента Перамогі ў Мінску, а таксама на падрыхтоўку дзіцячых аздараўленчых лагераў да летняга сезона, добраўпарадкаванне населеных пунктаў, рамонт і рэканструкцыю гісторыка-культурных каштоўнасцяў, мемарыяльных комплексаў, месцаў баявой і воінскай славы часоў Вялікай Айчыннай вайны.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №32 ад 23. 04. 2019 г.