В Шумилино прошёл районный слет-конкурс юных инспекторов дорожного движения

Безопасность Новости Образование

Перамагла каманда “Паварот”
У мінулы панядзелак, 15 красавіка, у СШ №1 прайшоў раённы злёт-конкурс юных інспектараў дарожнага руху. Арганізатарамі мерапрыемства выступілі спецыялісты аддзялення ДАІ РАУС сумесна з аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама і аддзелам па адукацыі. Да конкурсу далучыліся і работнікі райкама ГА БРСМ.
У гэтым навучальным годзе на ўнутрышкольным дворыку СШ № 1 была пабудавана пляцоўка па бяспецы дарожнага руху. На асфальтавае пакрыццё нанесена адпаведная разметка, што значна спрасціла работу арганізатарам конкурсу. Ды і фігурнае ваджэнне веласіпедаў, якое тут было праведзена ўпершыню, у такім утульным месцы ўсім было даспадобы. У гэтым конкурсе перамогу атрымала каманда СШ №2, другое месца – у Обальскай СШ, трэцяе – у СШ № 1. У індывідуальным заліку лепшыя вынікі паказалі Мікіта Жыгуноў з Мікіціхінскай школы і Яна Стоцік з Обальскай.
На думку журы, тэарэтычныя веды па правілах дарожнага руху ў гэтым годзе дзеці паказалі слабейшыя, чым летась. Тым не менш і тут вызначаны пераможцы: першае месца заняла каманда СШ №1, другое і трэцяе месцы ў Обальскай школы і СШ №2 адпаведна. А ў асабістым заліку праявілі сябе Ілья Рымша з Обальскай школы і Кацярына Смірнова з СШ №2.
У конкурсе “Аказанне першай дапамогі пацярпелым” перамагла каманда СШ №2, у Обальскай СШ другое месца, у раённай гімназіі – трэцяе. Сярод усіх канкурсантаў вызначыліся Сцяпан Голубеў з СШ №1 і Вольга Дзягілева з гімназіі, якія набралі самую большую колькасць правільных адказаў.
Агітацыйна-мастацкае прадстаўленне было яркім, вясёлым, насычаным. Усе каманды абышла Кардонская школа, другое месца ў СШ №1, трэцяе – у Обальскай школы.
Упершыню ў гэтым годзе на злёце юных інспектараў дарожнага руху праводзіўся новы конкурс “Аўдыё-відэаролік сацыяльнай рэкламы” па бяспецы дарожнага руху. Тут зноў перамагла каманда з Кардона, у СШ №1 і раённай гімназіі другое і трэцяе месцы адпаведна.
А вось у конкурсе “Газета” журы аддало перамогу гімназістам – іх насценгазету палічылі самай цікавай і інфармацыйна насычанай. Хаця газеты Кардонскай школы (другое месца) і Обальскай (трэцяе) таксама заслугоўваюць увагі.
Па выніках усіх конкурсаў першае месца (як і ў мінулым годзе) прысуджана  камандзе “Паварот” з СШ №1, другое – Обальскай школе, трэцяе – СШ №2. Пераможцы ўзнагароджаны граматамі і падарункамі.  Каманда СШ №1 будзе абараняць гонар нашага раёна на рэгіянальным туры абласнога злёту-конкурсу юных інспектараў дарожнага руху, які пройдзе ва Ушачах.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №31 ад 19.04.2019 г.